Салдат з-пад Лапічаў: Галадоўку аб’явілі не ўсе, было гэта два дні

Сігнал пра тое, што ў ваеннай часці пад Лапічамі здарыўся бунт, з’явіўся на сайце “Хартыя’97”. Ананімы  чытач, які назваўся  сябрам аднаго з салдат, распавядаў пра галадоўку , якую распачалі ў пратэст на “непрыстойныя паводзіны камандавання”. Падзеі, паводле інфармацыі рэсурса, здарыліся ў ваеннай часці 44540, якая дыслакуецца ў пасёлку Ручэй пад Лапічамі (Асіповіцкі раён).  Канкрэтных спасылак на салдацкія крыніцы ў матэрыяле не было.

Спрабуем праверыць гэту інфармацыю.  Для гэтага праз сацыяльныя сеткі шукаем кантакты сваякоў і блізкіх салдат, якія ў дадзены момант служаць у ваеннай часці. Звязваемся з Аленай Л., у в/ч 44540 зараз знаходзіцца яе хлопец.

Алена Л.: “Магу сказаць, што ён там галадоўкі не аб’яўляў. Мы ўвогуле не абмяркоўваем армію, мяне яна не асабліва  цікавіць. Галоўнае, каб яго адпускалі ў звальненне”.

Яшчэ некалькі салдацкіх сваякоў, да якіх звяртаемся, не даюць ніякай інфармацыі: “Яны нам нічога такога не расказвалі”.

Знайсці кантакты канкрэтных салдат з ваеннай часці аказалася нескладана. Паразмаўляць з журналістам Еўрарадыё на ўмовах ананімнасці пагадзіўся толькі адзін. Згодна з яго словамі, камандаванне папярэдзіла саслужыўцаў пра крымінальную адказнасць за дачу лжывых сведчанняў.

Салдат з в/ч 44540: “Я шмат чаго мог вам расказаць, але мне засталося служыць менш чым чатыры месяцы. Мне праблемы не патрэбны, іх і так шмат. Заўтра (23 ліпеня) прыязджае камісія з Міністэрства абароны, будуць апытанне кожнага чалавека праводзіць. Зараз шукаюць таго, хто ўсё гэта напісаў”.

Еўрарадыё: Ці сапраўды быў факт галадоўкі? Ці праўду напісалі?

Салдат з в/ч 44540: “Так, было гэта два дні ― 20 і 21 ліпеня. Потым пачалі пагражаць. Адзін салдат страціў прытомнасць. Магчыма, гэта супадзенне. А так напісана праўда”.

Еўрарадыё: І што, галадала ўся часць?

Салдат з в/ч 44540: “Не! Не ўсе! Другі, трэці перыяд, з батальёна”.

Еўрарадыё: З-за чаго?

Салдат з в/ч 44540: “Хутчэй, гэта прадузятае стаўленне і нестатутнае з боку некаторых афіцэраў, былі знявагі ў нецвярозым стане…”

Пазнаёміўшыся з меркаваннем салдата, спрабуем паразмаўляць з камандаваннем ваеннай часці. Але датэлефанавацца туды цягам аўторка 23 ліпеня не атрымалася. 

“Каментаваць матэрыял з таталітарна-лібероіднага сайта “Хартыя’97” больш чым не змястоўна”, ― рэагуе на зварот Еўрарадыё Уладзімір Макараў, прэс-сакратар Міністэрства абароны Беларусі. Вайсковы чыноўнік пералічвае нам свае артыкулы, у якіх тлумачыцца пункт гледжання, чаму на некаторых рэсурсах не можа быць аб’ектыўных матэрыялаў.

Еўрарадыё: Ці выправілася ў часць 44540 камісія з Міністэрства абароны?

Уладзімір Макараў:Якая камісія! Падзеяў, якія апісаны ў матэрыяле, гэтага глупства, не можа быць па азначэнні. Усе пытанні ― да чытача, чый сябар нібыта служыць у гэтай часці. А па вялікім рахунку ― да кіраўніцтва “Хартыі’97”. Таталітарны інфармацыйны рэсурс, які не можа быць аб’ектыўным”.

Жалезных доказаў, якія б пацвердзілі інфармацыю пра надзвычайнае становішча ў ваеннай часці пад Лапічамі, мы не атрымалі. Калі тэарэтычна такі факт меў месца, то ў сённяшніх умовах даведацца пра ўсе аб’ектыўныя акалічнасці немагчыма  ― беларуская армія застаецца закрытай ад старонняга вока структурай. Тым не менш трывожныя сігналы, якія раз-пораз выходзяць за межы ваенных часцей, сведчаць, што поўны штыль і ўзорная дысцыпліна ў беларускім войску могуць быць не паўсюль.  

Фотаздымак выпадковага салдата з в/ч 44540 (2013-ы год). У падрыхтоўцы матэрыяла гэты чалавек удзелу не браў

На першым фота: салдаты з часці 44540 (2011-ы год)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі