Самалёт забіў турыстку на знакамітым карыбскім пляжы Сінт-Мартэн
57-гадовая турыстка з Новай Зеландыі загінула на карыбскай выспе Сінт-Мартэн, назіраючы за ўзлётам пасажырскага лайнера Boeing-737. Хваля паветра з турбіны самалёта збіла яе з ног. Жанчына ўпала і ўдарылася галавой аб бетонную агароджу.
Турыстку паспелі даставіць у бальніцу, але дактары не здолелі выратаваць яе жыццё.
Выспа Святога Марціна, ці Сінт-Мартэн — аўтаномнае дзяржаўнае ўтварэнне ў складзе Нідэрландаў. Тамтэйшы пляж знакаміты тым, што літаральна над галавамі купальшчыкаў увесь час лётаюць самалёты. Справа ў тым, што мясцовы аэрапорт, названы ў гонар нідэрландскай прынцэсы Юліяны, пачынаецца літаральна праз дарогу ад пляжа і аддзелены ад яго невысокім плотам.
Каб выпрабаваць сябе ў струмянях паветра і паглядзець на ўзлёты, шматлікія турысты падыходзяць ушчыльную да агароджы аэрапорта. На ёй размешчаны знакі, што папярэджваюць пра магчымую небяспеку. Паліцыя рэгулярна патрулюе перыметр аэрапорта. Але ўсё гэта не спыняе аматараў экстрыму.