Самыя папулярныя інтэрнэт-сайты могуць быць заблакаваныя для беларусаў?

Праект новага закона “Аб сродках масавай інфармацыі”, які праз 5 год распрацоўкі паступіў у Палату прадстаўнікоў 10 чэрвеня, пакідае заяўляльна-дазвольны прынцып рэгістрацыі медыяў, дазваляе блакаванне ўсіх інтэрнэт-рэсурсаў, незарэгістраваных у Беларусі ў якасці СМІ, а таксама дазваляе прыцягнуць да адказнасці любога беларуса, які не маючы акрэдытацыі, пад сваім імём прадаставіў замежнаму СМІ інфармацыю. У выпадку прыняцця новага закона Беларусь чакае вялікая перарэгістрацыі ўсіх сродкаў масавай інфармацыі. У дзень паступлення ў палату прадстаўнікоў законапраект “Аб СМІ” быў уключаны ў парадак дня бягучай сесіі ніжняй палаты парламента. Грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў” (БАЖ) дало жорсткую ацэнку дакументу, які ў бліжэйшы час можа пачаць рэгуляваць медыя-сферу.

Па словах юрыста БАЖ Юрыя Тапарашава, цяпер, згодна з новым праектам “Закона аб СМІ”, груба парушаецца права кожнага беларуса на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, замацаванае Канстытуцыяй:

“Ажыццяўленне прафесійнай дзейнасці журналістаў замежных СМІ без акрэдытацыі забараняецца. Гэта азначае, што калі ты пішаш у нейкае замежнае выданне, то ты лічышся карэспандэнтам гэтага выдання і табе забараняюць працаваць. Гэта з’яўляецца грубым парушэннем аднаго з фундаментальных пунктаў беларускай Канстытуцыі: права грамадзяніна на атрыманне інфармацыі”.

Намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец тлумачыць, што новы закон нясе вялізарную небяспеку для ўсёй інтэрнэт-прасторы – улады змогуць блакаваць усе інтэрнэт-СМІ, незарэгістраваныя ў Беларусі ў якасці сродка масавай інфармацыі, незалежна ад іх паходжання:

“Цалкам магчымы варыянт, калі асобныя інтэрнэт-рэсурсы, не зарэгістраваныя ў Беларусі як сродкі масавай інфармацыі будуць проста блакавацца на той падставе, што ідзе парушэнне заканадаўства аб друку. І, магчыма, што гэта будуць тыя сайты, якія маюць найбольшую колькасць наведвальнікаў. Як вынік, гэта прывядзе да большай ананімнасці, тых, хто працуе ў інтэрнэце. Бо тых журналістаў, якія будуць працаваць пад сваім прозвішчам у інтэрнэт-рэсурсах, зарэгістраваных у іншых даменных зонах, можна прыцягваць да адказнасці за дзейнасць без акрэдытацыі”.

Эксперты БАЖ звярнулі ўвагу і на іншыя неспрыяльныя для развіцця свабоды слова і СМІ моманты ў законапраекце – застаецца заяўна-дазвольны прынцып рэгістрацыі СМІ; забаронена атрымліваць матэрыяльна-тэхнічную дапамогу ад прыватных асоб і арганізацый з-за мяжы, калі яны не з’яўляюцца сузаснавальнікамі дадзенага СМІ. Апроч таго, прадугледжваюцца неабмежаваныя магчымасці для вынясення папярэджання любому СМІ і закрыцця яго на гэтай падставе.

Старшыня БАЖ Жанна Літвіна выказала ўпэўненасць, што законапраект “Аб СМІ” пацвярджае жаданне ўладаў кантраляваць ўсе магчымыя незалежныя СМІ – як друкаваныя, так і інтэрнэт-выданні. І ў гэтым бачыць захаванне тэндэнцыяў пагаршэння становішча СМІ і свабоды слова ў Беларусі:

“Гэтае жаданне кантраляваць нават інтэрнэт-СМІ – яшчэ адно пацвярджэнне таго, што палітыка ўладаў у дачыненні да сродкаў масавай інфармацыі, асабліва незалежных, застаецца вельмі жорсткай, паслядоўнай і асэнсаванай”.

Нагадаем, распрацоўка новага закону вядзецца з 2003 года, праца над ім заўсёды вялася ў закрытым рэжыме, што выклікала пратэсты з боку журналісткай грамадскасці. Распрацоўшчыкі закона прапанавалі аддаць функцыю кантролю за інтэрнэтам Савету Міністраў. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі будзе разглядаць законапраект “Аб СМІ” 17 чэрвеня. Тым часам БАЖ  ў пісьмовым выглядзе звярнуўся да кожнага з дэпутатаў.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі