Самыя суіцыдныя прафесіі ў Беларусі — міліцыянт і доктар

Прычыну гэтага спецыялісты бачаць у эмацыйным напружанні працы і доступе да сродкаў здзяйснення суіцыда Ад пачатку года ў Беларусі 6 супрацоўнікаў міліцыі скончылі жыццё самагубствам. Яшчэ аднаму спроба не ўдалася.

Так, у красавіку з дапамогай зброі звялі рахункі з жыццём два міліцыянеры. У Мінску з табельнага пісталета застрэліўся ўчастковы, а ў Воршы маёр аддзела ўнутраных спраў на транспарце стрэліў сабе ў галаву з аўтамата АКС-74У. У траўні павесіўся міліцыянер батальёна міліцыі Ленінскага аддзела аховы Брэста. У чэрвені наклаў на сябе рукі рэчыцкі АМАПавец. Два міліцыянеры самастойна пайшлі з жыцця ў жніўні: ізноў-такі з дапамогай табельнага пісталета застрэліўся супрацоўнік патрульна-паставой службы Барысава, а ў Мінску павесіўся яшчэ адзін участковы. Такі ж шлях пазбавіцца ад праблемамі абраў у верасні міліцыянер-кіроўца Чавускага РАЎС. І там жа, амаль у той жа час, спрабаваў застрэліцца супрацоўнік ізалятара часовага ўтрымання. Куля прайшла міма сэрца, пашкодзіўшы лёгкія.

Паводле звестак дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя, прафесара Сяргея Ігумнава, менавіта супрацоўнікі праваахоўных органаў займаюць першае месца па колькасці самагубстваў.

Сяргей Ігумнаў:
“Пасля супрацоўнікаў сілавых структур, якія, згодна са статыстыкай, займаюць першае месца, другімі па колькасці суіцыдаў ідуць дактары. А на трэцім месцы — журналісты”.

Прычыну спецыялісты бачаць у эмацыйным напружанні працы, суадносінах маральнага і матэрыяльнага ўзнагароджання, разбурэннях надзей, якія ўскладаюцца на сваю дзейнасць. А ў выпадку з міліцыянерамі і лекарамі дадаюцца магчымасці для здзяйснення самагубства.

Сяргей Ігумнаў: “Тое, што першыя два месцы займаюць міліцыянеры і дактары, я звязваю з доступам да сродкаў здзяйснення суіцыда. Гэта наяўнасць табельнай зброі альбо доступа да іншай зброі. А ў дактароў — доступ да моцнадзейных альбо таксічных рэчываў”.

Наяўнасць зброі, пагаджаецца псіхолаг Вікторыя Пякарская, адыгрываюць сваю ролю ў колькасці самазабойстваў сярод міліцыянтаў. Але, лічыць яна, немалое значэнне тут адыгрывае фактар сораму.

Вікторыя Пякарская: “Большасць суіцыдаў звязаныя з пачуццём сораму, з якім людзі не могуць справіцца. Штосьці адбываецца ў іх жыцці, што яны не могуць змяніць, перарабіць — і тады прасцей сысці з жыцця”.

З такім тлумачэннем згодны былы міліцыянт Сяргей Парсюкевіч.

Сяргей Парсюкевіч:
“У нас былі сітуацыі, калі людзі сканчалі жыццё самагубствам. Але звычайна гэтаму нешта папярэднічала — альбо карупцыя, альбо дзесьці нешта не так зрабіў, альбо кагосьці пакрыўдзіў. Чалавек любой іншай прафесіі так не распараджаецца лёсам людзей, а ў міліцыі кантактаў, значных для іншых людзей, нашмат больш. І вось здараецца: сумленне заела”.

У міліцыі, як і ў некаторых іншых структурах, існуе такая пасада — намеснік начальніка па выхаваўчай працы. У ідэале, кажа Сяргей Парсюкевіч, гэта павінен быць той чалавек, да якога калегі могуць прыйсці са сваімі праблемамі, а ён мусіць дапамагчы ў іх разабрацца. Але на практыцы, сцвярджае былы міліцыянер, такога і блізка няма.

Сяргей Парсюкевіч: “Гэтыя пасады выкарыстоўваюцца найперш як карны орган. У чалавека праблема. Ён мусіць пайсці да псіхолага альбо да намесніка па выхаваўчай працы і яму павінны дапамагчы. Але такога не бывае. Калі ты пайшоў і нешта сказаў, то з гэтага раздуюць такую справу, што альбо звольняць, альбо пасадзяць. У залежнасці ад сітуацыі”.

Паводле яго слоў, міліцыянерам у цяжкіх псіхалагічных сітуацыях ніхто не дапамагае. Кожны змагаецца сам за сябе. І, кажа ён, часцей куля ў скронь падаецца найлягчэйшым выйсцем з цяжкага становішча. Але ледзь не адзінай магчымасцю пазбавіцца пачуцця віны.

Калі ж не дзяліць самазабойцаў паводле прафесійнай дзейнасці, то, згодна са звесткамі, мужчыны сыходзяць з жыцця самастойна ў 4 разы часцей за жанчын. Больш за ўсё самазабойцаў ва ўзросце ад 35 да 59 гадоў. Летась такім чынам з жыцця пайшлі 2666 чалавек. Гэта 27,5 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва краіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі