Санду заявіла пра "беспрэцэдэнтнае махлярства" на выбарах і рэферэндуме
Мая Санду
У Малдове прайшлі прэзідэнцкія выбары і канстытуцыйны рэферэндум аб уступленні ў ЕС. Як паведамляе newsmaker.md, па выніках падліку 98% пратаколаў, дзейная прэзідэнтка Мая Санду набрала амаль 42%. Кандыдат ад Партыі сацыялістаў Аляксандр Стаяногла мае крыху больш за 26%. Ён лічыцца прарасійскім кандыдатам. Лідар "Нашай партыі" Рэната Усаты набраў 13,74%, Ірына Влах — 5,46%, Вікторыя Фуртунэ — 4,52%, Васіль Тарлеў — 3,24%, Іон Кіку — 2,10%, іншыя чатыры кандыдаты — менш за 1%. Такім чынам, праз два тыдні будзе другі тур, які для Санду атрымаецца няпростым, паколькі, як чакаецца, у ім электарат прарасійскіх кандыдатаў аб'яднаецца.
На рэферэндуме аб замацаванні ў Канстытуцыі планаў па ўступленні ў Еўрасаюз галасы падзяліліся прыкладна 50 на 50. Пасля падліку 98,42% галасоў "за" — 50,08%, "супраць" — 49,92%.
Тым часам Мая Санду заявіла пра "беспрэцэдэнтнае махлярства" на выбарах і рэферэндуме. "Сёння, як і ў апошнія месяцы, свабода і дэмакратыя ў Малдове падвергліся беспрэцэдэнтнай атацы, — гаварыла на брыфінгу прэзідэнтка. — Крымінальныя групоўкі, аб'яднаўшыся з замежнымі сіламі, атакавалі нашу краіну хлуснёй і прапагандай. У нас ёсць доказы і інфармацыя, што крымінальная групоўка мела намер купіць 300 тысяч галасоў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.