Савет Еўропы: Пытанне аб адменесмяротнага пакарання – прынцыповае
У музеі Вялікай айчыннай вайны прадстаўнікі Савета Еўропы і Еўракамісіі прэзентавалі выставу 100 лепшых постэраў супраць смяротнага пакарання
У мінскім музеі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстава пераможцаў
конкурсу графічнага дызайну, прысвечанага адмене смяротнага пакарання.
Сёлета тэмай конкурсу стаў лозунг Савета Еўропы "Смерць – гэта не правасуддзе". У экспазіцыі прадстаўленыя 100 лепшых плакатаў з усёй Еўропы.
На адкрыцці выставы старшыня камітэта па пытаннях заканадаўства Палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка
падзякаваў Еўрасаюзу за настойлівасць у пытанні адмены смяротнага і
зазначыў, што цяпер у краіне актыўна вядзецца праца па змяненні
стаўлення беларусаў да такога прысуду. І калі цяпер параўноўваць
колькасць згодных на яго адмену з вынікамі рэферэндуму 1996 года, то
змены відавочныя. Але ў кожным выпадку смяротнае пакаранне прапісанае ў
Канстытуцыі, а таму яго адмена магчымая праз рэферэндум.
У той жа час прадстаўнік Савета Еўропы Данііл Хачаба
растлумачыў, што ніякага ціску на беларусаў з боку еўрапейцаў няма.
Проста ёсць пагадненне, паводле якога ў краінах-удзельніцах Савета
Еўропы смяротнае пакаранне адмененае.
Данііл Хачаба: "Краіны-удзельніцы
Савета Еўропы вырашылі, што смяротнае пакаранне на іх тэрыторыі не
павіннае прымяняцца. Якія юрыдычныя магчымасці знойдзе Рэспубліка
Беларусь для вырашэння гэтага пытання, каб увайсці ў Савет Еўропы, больш
пытанне да беларускіх уладаў. Але казаць пра тое, што Еўрасаюз аказвае
нейкі ціск на насельніцтва краіны няправільна".
Ён адзначыў, што пытанне аб адмене смяротнага пакарання з'яўляецца прынцыповым у адносінах Савета Еўропы і Беларусі.
Пагадзіўся з гэтым і старшыня прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Беларусі Жан-Эрык Хольцапфель.
Ён дадаў, што Еўрасаюз задаволены стварэннем адмысловай камісіі, якая
займаецца прасоўваннем адмены смяротнага пакарання ў Беларусі і
спадзяецца, што гэты крок станоўча паўплывае на вырашэнне гэтага
пытання, а адпаведна і на адносіны з нашай краінай.
Па словах Мікалая Самасейка выстава плакатаў "Смерць – гэта не правасуддзе" таксама паўплывае на вырашэнне гэтага пытання.
Мікалай Самасейка: "Я
думаю, што і адкрыццё сённяшняй выставы добра паслужыць гэтай мэце. Мы
далёкія ад ідэалізацыя сітуацыі, але калі грамадскае стаўленне зменіцца
заўважна, то ў нас будзе магчымасць казаць, калі не пра адмену
смяротнага пакарання, то пра ўвядзенне мараторыя, як першага кроку да
адмены".
Дададзім,
што выстава будзе праходзіць адначасова больш чым у трыццаці гарадах па
ўсім свеце, у тым ліку ў офісе Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Нью-Ёрку і
ў Еўрапейскім парламенце ў Бруселі. Такім чынам 10 кастрычніка будзе
адзначаны Міжнародны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання.
У
музеі Вялікай Айчыннай вайны паказ работ пераможцаў конкурсу графічнага
дызайну "Смерць – гэта не правасуддзе", будзе працаваць да 11 снежня.