"Селтык" можа паскардзіцца УЕФА на магічны рытуал перад футболам у Астане
Напярэдадні матча плэй-оф Лігі чэмпіёнаў прадстаўнікі карагандзінскага "Шахцёра" арганізавалі ахвярапрыношанне барана.
Прычым адбылося гэта на стадыёне "Астана Арэна". Дырэктар клуба Ердэн Халілін тады казаў, што гэта такая традыцыя перад адказнымі матчамі. Як вядома, карагандзінскі "Шахцёр" ніколі ў сваёй гісторыі так паспяхова ў Лізе чэмпіёнаў не гуляў і цяпер ён знаходзіцца ў кроку ад групавога этапа.
20 жніўня "Шахцёр" сенсацыйна выйграў у шатландскага "Селтыка" з лікам 2:0. Матч у Глазга пройдзе 28 жніўня.
Кіраўніцтва "Селтыка" можа падаць скаргу ў Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый. Як паведамляе "Інтерфакс-Украіна", шатландскія гульцы, нібыта, былі шакаваныя такімі адносінамі да жывёлы і ахвярапрыношанне моцна паўплывала на іх эмацыйны стан. Да таго ж футбалістаў збянтэжылі сляды крыві на футбольным полі.