Сем’і, якія не дабудуюць жыллё да 6 жніўня, не атрымаюць дапамогу ў 7,3 тысячы
Чарговы указ кіраўніка краіны № 240, які дапамагае атрымаць субсідаванне на будаўніцтва жылля, адмяняе стары ўказ № 585. Ён дазваляў сем’ям, якія будуюць жыллё па камерцыйных крэдытах, атрымаць ад дзяржавы дапамогу на пагашэнне гэтых крэдытаў.
Сям’я, якая стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоваў, па ім магла атрымаць 40 бюджэтаў пражытковага мінімума ці 7,3 тысячы рублёў. Тыя, хто не паспее аформіцца ў новай кватэры да 6 жніўня, дапамогі па гэтым указе ўжо не атрымае. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Мінархітэктуры Аляксандр Горваль.
Горваль: “Указ перапыняе сваю дзейнасць з 6 жніўня. Тыя, хто атрымаў дазвол выканкамаў на такую субсідыю, будзе яе атрымоўваць, а таксама тыя, каму яе налічылі раней і цяпер яна выплачваецца”.
За першае паўгоддзе 2017 года дазвол на атрыманне такіх субсідый атрымалі 26 чалавек па ўсёй краіне. Калі чалавек ужо ўзяў крэдыт на жыллё, але не паспеў скарыстацца падтрымкай па указе №585, то пад новы ўказ № 240 ён таксама не трапляе (бо ён ужо аформіў адзін крэдыт).