Сенатар Рачкоў: прыняцце мігрантаў у краіну — гэта не беларускі шлях
"Шлях нарошчвання і прыняцця ў краіну імігрантаў — гэта не беларускі шлях. Усё-ткі, тут больш выклікаў і пагроз нацыянальнай ідэнтычнасці і, я падкрэслю, нацыянальнай бяспецы".
З такой заявай старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў выступіў у праграме "У абстаноўцы міру" на тэлеканале СТВ.
Удзельнікі праграмы абмяркоўвалі дэмаграфічныя праблемы Беларусі.
Рачкоў спаслаўся на негатыўны досвед мігрантаў у Еўропе. Па яго словах, большасць мігрантаў не імкнецца асімілявацца ў новай краіне. "Што такое "асімілявацца"? Гэта значыць, гэта людзі павінны вывучыць нашу мову, яны павінны прыняць нашу культуру і стаць раўнацэннымі, часткай нашага грамадства. Што на справе, што на практыцы атрымліваецца — прыклады, я думаю, усім вядомыя", — падкрэсліў ён.
На думку сенатара, вырашаючы дэмаграфічную праблему праз запрашэнне мігрантаў, можна стварыць сабе іншыя праблемы: "У першую чаргу, у галіне нацыянальнай бяспекі, грамадскай бяспекі".
Сяргей Рачкоў 20 гадоў (1999-2019) правёў на дыпламатычнай рабоце. Ён працаваў у беларускіх амбасадах у ЗША, Егіпце, Амане, Алжыры і Судане, а таксама быў намесніка Пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў ААН.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.