Сепаратыстаў у Мінску прадстаўляе “віцэ-прэм’ер ДНР” Пургін? (фота, відэа)

“Вырашана, што ў тым калідоры, які сёння праверыла місія АБСЕ, будзе спыненае вядзенне агню. Бакі дамовіліся вывезці рэчы загінулых пасажыраў “Боінга” на працягу двух дзён”, — абвяшчае пра вынікі першага дня сустрэчы ў Мінску віцэ-прэм’ер украінскага ўрада Уладзімір Гройсман.

Сустрэча кантактнай групы пачынаецца ў Заслаўі ў другой палове дня 31 ліпеня і працягваецца ў наступны дзень. Інфармацыя аб яе ходзе вельмі абмежаваная, аднак вечарам беларускія тэлеканалы паказваюць невялікія падобныя сюжэты з Заслаўя. АНТ, напрыклад, укладваецца ў хвіліну, згадаўшы тры бакі перамоваў — Леаніда Кучму, расійскага пасла ва Украіне Міхаіла Зурабава і кіраўніцу спецыяльнай групы АБСЕ па Украіне Адэльхейд Тальявіні. Мімаходзь згадваецца і прысутнасць на сустрэчы пад Мінскам прадстаўнікоў так званай Данецкай народнай рэспублікі. Без імёнаў. Праўда, на кароткім відэа з сустрэчы можна заўважыць Андрэя Пургіна. Побач з яшчэ адным мужчынам у цёмным касцюме і невядомай жанчынай. Пургін называе сябе віцэ-прэм’ерам ДНР, і вышэйшыя за яго ў гэтым утварэнні хіба толькі Гіркін-Стралкоў і Барадай.

Сепаратысты на сустрэчы ў Мінску

Пургін на фота "Радыё Свабода"

Так што стаўленне да мінскіх сустрэчаў прынамсі ў сепаратыстаў даволі сур’ёзнае.

Адсутнасць афіцыйных прадстаўнікоў Украіны (Кучма — хутчэй аўтарытэтная асоба, чым афіцыйная) добра тлумачыць былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бязсмертны.

“Яны не сядуць за стол перамоваў з ворагамі не толькі ў сілу сваіх патрыятычных пачуццяў, але і ў сілу абавязанняў перад Украінай. У цяперашняй сітуацыі афіцыйныя асобы могуць хіба што прыняць капітуляцыю ворага, але размаўляць з сепаратыстамі не стануць. Таму сустрэча не мае статусу перамоў. Мы не прызнаем сепаратыстаў бокам дамоўнага працэсу”, — піша ён у сваім артыкуле на сайце “Новы час”.

Тым часам значна большую увагу, чым сустрэчы ў Заслаўі, беларускія афіцыйныя СМІ надаюць сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Леаніда Кучмы, якая адбылася раніцай 31 ліпеня. Падчас яе кіраўнік Беларусі тройчы падкрэслівае, што пагадзіўся на прапанову Пятра Парашэнкі правесці сустрэчу ў Беларусі не дзеля піяру. І дадае, што зрабіў гэта дзеля развіцця стасункаў з Украінай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі