"Давай будзеш ваяваць з Украінай супраць Расіі" — "прызнанне" Лукашэнкі
Аляксандр Лукашэнка дадаў "пазітыву"
Беларусь жыве ў вельмі цяжкі перыяд, заявіў Аляксандр Лукашэнка. У аўторак ён завітаў на Рэспубліканскі педсавет і не ўтрымаўся, каб не паразважаць пра геапалітыку, санкцыі і вайну ва Украіне. Лукашэнка зноў заявіў, што для Беларусі нібыта нешта нядобрае рыхтуюць "шалёныя на Захадзе". І ён спрабуе не проста "развярнуць" краіну "з Захаду на Усход", але і "забяспечыць", каб яе "прынялі на Усходзе". "Дзякуй богу, у нас гэта атрымліваецца, але гэта найцяжэйшая праца", — дадаў выступоўца.
Аляксандр Лукашэнка "прызнаўся", што яму прапаноўвалі ваяваць супраць Расіі. "Ды плюнь ты на гэтую Расію, ды адвярніся ты ад гэтай Расіі, — пераказваў ён словы невядомага "заходніка". — Давай будзеш ваяваць з Украінай супраць Расіі. А да той мяжы мы войскі NATO пад Смаленск завядзем". Ці сапраўды была такая размова, ці Лукашэнка проста "фантазіруе", невядома. Ён сцвярджае, што атрымлівае розныя прапановы "з усіх бакоў". Але "на 99%" іх прыняць не можа. Ці ўваходзяць у іх лік і прапановы Уладзіміра Пуціна, не ўдакладніў.
"Гэта ўсё, што я вам магу сказаць [пра сітуацыю]", — сказаў Аляксандр Лукашэнка педагогам. А пасля заклікаў іх разам думаць, "як утрымаць краіну". "Таму мы з вамі ў адной лодцы і дзявацца нам няма куды", — дадаў "пазітыву" Лукашэнка. І нагадаў ім пра 2020 год. Заклікаў не баяцца ўваходзіць у склад выбарчых камісій.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.