У Лукашэнкі загаварылі пра "ўзброеныя правакацыі" на мяжы з Украінай
Нарада ў Аляксандра Лукашэнкі, 16 жніўня 2024-га
У Аляксандра Лукашэнкі загаварылі пра "ўзброеныя правакацыі" на мяжы з Украінай. 16 жніўня ён сабраў на нараду сілавікоў — абмяркоўваюцца "пытанні ваеннай бяспекі". Сярод прысутных — дзяржсакратар Саўбеза Аляксандр Вальфовіч, міністр абароны Віктар Хрэнін, начальнік Генштаба Павел Муравейка, начальнік Галоўнага разведвальнага ўпраўлення, намеснік начальніка Генштаба Уладзімір Купрыянюк.
Лукашэнку цікавіла сітуацыя на мяжы з Украінай. Ён згадаў дзіўную гісторыю са збітымі беспілотнікамі на Гомельшчыне, пасля якой быў узмоцнены кантроль на беларуска-украінскай мяжы.
"Больш за тое, мы вывелі туды часткі нашай арміі, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. — ...Матэрыялы я атрымаў, карта ў мяне адпаведная ёсць. Я прашу далажыць не толькі абстаноўку, але і развіццё сітуацыі, вашы прапановы, што будзем рабіць тут далей".
"Ва ўмовах прысутнасці ўкраінскіх узброеных фарміраванняў у прыгранічных раёнах захоўваецца высокая верагоднасць падрыхтоўкі і правядзення на нашай тэрыторыі ўзброеных правакацый, а таксама рэзанансных акцый, у тым ліку з задзейнічаннем беларускіх нацыяналістычных фарміраванняў", — сказаў Хрэнін. Сітуацыю на поўдні ён ацаніў як "напружаную". Каля мяжы нібыта актыўна дзейнічаюць украінскія Сілы спецаперацый і СБУ.
Муравейка заявіў, што каля мяжы з Украінай узмоцненыя вайсковыя групоўкі з улікам падзей у Курскай вобласці РФ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.