Сербскага прэм’ера закідалі камянямі на жалобнай цырымоніі ў Срэбраніцы
Тут адзначалі 20-я ўгодкі трагічнай падзеі.
Прэм'ер-міністр Сербіі Аляксандр Вучыч раней часу пакінуў жалобную цырымонію ў Срэбраніцы пасля таго, як з натоўпу ў яго паляцелі камяні і бутэлькі. Перад гэтым Вучыч выступіў на жалобнай цырымоніі, прысвечанай 20-й гадавіне забойства 8000 баснійскіх бежанцаў — самага крывавага злачынства ў Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны. Яго прамова была сустрэтая няўхвальным гулам.
Для ўдзелу ў цырымоніі ў Срэбраніцы з'ехаліся дзясяткі тысяч чалавек. Сюды таксама прыбылі дзясяткі дзяржаўных дзеячаў з розных краін свету, сярод іх — кіраўнік замежнай палітыкі ЕС Федэрыка Магерыні, экс-прэзідэнт ЗША Біл Клінтан, прэм'ер-міністр Турцыі Ахмет Давутаглу, брытанская прынцэса Анна і каралева Іарданіі Нур.
Біл Клінтан, які быў у 1993 годзе прэзідэнтам ЗША, папрасіў прабачэння за тое, што для спынення вайны спатрэбіўся такі доўгі час.
Аляксандр Вучыч назваў разню ў Срэбраніцы “жахлівым злачынствам”, аднак на цырымоніі ў яго паляцелі камяні.
Раней сербскія ўлады забаранілі праводзіць памятныя цырымоніі ў Бялградзе пасля пагроз, якія паступілі ад правых груповак.
Напярэдадні ў Босніі каля 10 тысяч чалавек узялі ўдзел у штогадовым маршы міру, паўтараючы шлях людзей, якія спрабавалі пакінуць Срэбраніцу ў 1995 годзе.
У часе вайны на Балканах у красавіку 1993 ААН абвясціла Срэбраніцу зонай бяспекі. Такім чынам ААН спрабавала не дапусціць шматлікіх ахвяр сярод мірнага насельніцтва Босніі і Герцагавіны. У адпаведнасці з рэзалюцыяй Савета Бяспекі ААН, любога кшталту напады там былі выключаныя.
Тры мусульманскія анклавы — Срэбраніца, Жэпа і Гораждэ — на тэрыторыі ўсходняй Босніі, захопленай баснійскімі сэрбамі ў 1992 годзе, перашкаджалі планах сербам па стварэнні этнічна аднастайнай дзяржавы у Босніі.
Адносная бяспека Срэбраніцы прывяла да таго, што ў горад, які жыў у мінулым у асноўным за кошт здабычы срэбных руд, з усходніх раёнаў Босніі прыбылі тысячы бежанцаў. Насельніцтва горада ўзрасло да 40 тысяч чалавек.
У пачатку лета 1995 генерал Ратка Младзіч пачаў буйнамаштабнае наступленне на Срэбраніцу. Горад абараняў галандскі батальён “блакітных касак” ААН. Аднак толькі палова батальёна складалася з баявых падраздзяленняў; каля 200 чалавек займаліся дапаможнымі задачамі.
Не атрымаўшы ніякага супраціву з боку галандскіх міратворцаў, сербы пачалі наступ і ўзялі ў закладнікі ўвесь склад “блакітных касак” ААН. 11 ліпеня горад быў захоплены войскам баснійскіх сэрбаў. 12 ліпеня жанчын, старых і дзяцей пагрузілі ў аўтобусы і вывезлі ў раёны, кантраляваныя баснійскіх урадам. Мужчын і падлеткаў адправілі нібыта на “допыты ў сувязі з іх магчымым дачыненнем да здзяйснення ваенных злачынстваў”.
На працягу наступнага тыдня, паводле ацэнак Міжнароднага суда ААН, каля 8000 захопленых баснійскіх мужчын і хлопчыкаў ад 13 да 77 гадоў былі расстраляныя, нагадвае ВВС.