Севярынец пра пахаванага "Тараса": "Ён быў для байцоў як родны бацька" (фота)
У Брэсце ў чацвер прайшла жалобная цырымонія развітання з Алесем Чаркашыным, беларусам, які загінуў на Данбасе. У двары дома, дзе жыў Алесь, 3 верасня сабралося каля сотнi чалавек. Праводзіць Чаркашына ў апошні шлях прыйшлі яго сябры і паплечнікі. Сярод прысутных сустаршыні аркамітэту БХД Павел Севярынец i Георгій Дзмітрук.
Павел Севярынец распавёў Еўрарадыё, што для яго, як для родных і многіх сяброў, стала нечаканасцю навіна пра тое, што Алесь прымаў удзел ў антытэрарыстычнай аперацыі на паўднёвым усходзе Украіны. Па словах Севярынца, Чаркашын на Данбасе займаўся выключна капеланскай дзейнасцю.
Севярынец: "Ён адчуваў сваю місію — прывесці людзей да Беларусі і да Бога. Ён мякка, але настойліва запрашаў людзей задумацца над тым, хто яны і ці ведаюць яны Госпада. Вядома, калі такі чалавек прыязджае (фармальна ён быў капеланам ці не фармальна), істотна тое, што ён быў як родны бацька тым байцам, што на вайне... Многія з нас там не былі і ведаюць толькі па кніжках Васіля Быкава, як гэта... А там быў такі чалавек, які не баіцца і не палохаецца".
Пахавалі Алеся Чаркашына з бел-чырвона-белым і жоўта-блакітным сцягамі на могілках у вёсцы Камяніца-Жыравецкая.
Нагадаем, што на радзіме Алесь Чаркашын удзельнічаў у стварэнні аргкамітэта партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя". На Данбасе ён быў капеланам беларускіх байцоў, якія ваююць на баку ўкраінскіх сілавікоў, меў пазыўны "Тарас". 10 жніўня Чаркашын быў цяжка паранены ў баі з прарасійскімі баевікамі і праз некалькі тыдняў памёр у лякарні. Алесю Чаркашыну было 33 гады.