Шахцёр "Беларуськалія" Алег Кудзёлка абвясціў бестэрміновы страйк у шахце
Горны майстар 4-га руднага ўпраўлення "Беларуськалія" Алег Кудзёлка абвясціў бестэрміновы страйк і адмовіўся падымацца на паверхню. Пра гэта паведамляе страйкам прадпрыемства ў сваім Telegram-канале.
У сваім звароце да гендырэктара "Беларуськалія" Івана Галаватага Кудзёлка гаворыць пра непрафесійнасць кіруючых работнікаў, выказвае прэтэнзіі да таго, што некаторыя інжынерна-тэхнічныя работнікі прадпрыемства займаюцца прадпрымальніцтвам насуперак падпісаным абавязанням.
"І па сітуацыі ў краіне і ў горадзе. Калектыў так і не пачуў ад цябе, свайго кіраўніка, пра "слабавікоў", якія маюць дачыненне да затрыманняў, збіцця і катаванняў мірных грамадзян і работнікаў ААТ у тым ліку, аб незаведзеных крымінальных справах у дачыненні да прычынных асоб. Калектыў таксама не пачуў ад цябе, члена Савета Рэспублікі, пазіцыі па фальсіфікацыі выбараў. Становіцца зразумела, што ты нахабна хлусіш, калі заяўляеш, што ніякіх звальненняў работнікаў, якія выказваюць своб пазіцыю, не будзе, як не будзе аказвацца ціск на членаў іх сем'яў", — піша ў сваім звароце шахцёр.
Ён абвясціў бестэрміновы страйк і выставіў такія патрабаванні:
— адстаўка генеральнага дырэктара "Беларуськалія";
— вызваленне ўсіх зняволеных страйкамаўцаў ААТ "Беларуськалія";
— спыненне ціску на сяброў страйкаму і іх сем'і;
— адмена ганебнага рашэння пра звальненне страйкоўцаў "Беларуськалія";
— спыніць беззаконне сілавікоў, спыніць запалохваннія, затрыманні і збіццё мірнага насельніцтва краіны.
Для тых, хто сумняецца, Кудзёлка падкрэслівае, што ў яго ёсць непаўналетнія дзеці і ён яшчэ не выпрацаваў сабе стаж на пенсію.
Раней страйк у шахце на глыбіні 305 метраў абвяшчаў шахцёр Юрый Корзун. Яго сілай паднялі на паверхню.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.