Рызыка сутыкнення 400-метровага астэроіда з Зямлёй вырасла ў 7 разоў
Астраномы працягваюць адсочваць "касмічнага госця", які з'явіцца каля нашай планеты ў 2032 годзе.
Як паведамляла Еўрарадыё, астэроід, які атрымаў індэкс 2013 TV135, знайшлі на здымках зорнага неба, зробленых 12 кастрычніка Крымскай абсерваторыяй (яго адкрыў з дапамогай самаробнага тэлескопа Генадзь Барысаў). Пасля адкрыццё пацвердзілі расійскія абсерваторыі, а таксама астраномы з Італіі, Брытаніі і Іспаніі.
Нябеснае цела, памер якога складае каля 410 метраў, навукоўцы аднеслі да класа патэнцыйна небяспечных астэроідаў. Мінімальная дыстанцыя паміж яго арбітай і арбітай Зямлі складае 0,012 астранамічнай адзінкі (1,7 млн кіламетраў).
Паводле папярэдніх разлікаў, 26 жніўня 2032 года гэты астэроід з верагоднасцю 1 шанец на 63 тысячы можа сутыкнуцца з Зямлёй. Сіла выбуху ў выпадку падзення 2013 TV135 на нашу планету ацэньваецца ў 2,5 тысячы мегатон у тратылавым эквіваленце. Аднак, паводле апошніх разлікаў, верагоднасць сутыкнення 400-метровага астэроіда з Зямлёй складае ўжо 1 шанец на 9,09 тысячы (тыдзень таму быў 1 шанец да 14 тысяч). Праўда, навукоўцы супакойваюць: рызыка, што адбудзецца катастрофа, застаецца вельмі нізкай, адзначае РІА "Новости".
Навукоўцы прапануюць паслаць "разведку" да 400-метровага астэроіда (фота)
Каля Зямлі праляцеў 8-метровы астэроід
Фота Цімура Крачко, ria.ru