Школа, вучаніцу якой знайшлі павешанай: Учора яшчэ строіла планы на будучыню
У Лучанскай школе не ведаюць, чаму іх вучаніца Юля магла звесці рахункі з жыццём. Цела павешанай дзяўчынкі знайшлі ля школы, на лесвіцы, якая прымыкае да трансфарматарнай падстанцыі.
У адміністрацыі школы кажуць, што па ёй не было заўважна, каб яна мела нейкія праблемы. На уроках паводзіла сябе звычайна. “Каб яна хаця б сказала нешта нам… Учора на ўроках смяялася і строіла планы на будучыню, збіралася набываць фарбу для валасоў”, ― расказвае адна з настаўніц.
У адміністрацыі школы не заўважалі, каб дзяўчынка мела нейкія прабелмы ў сям’і. З вучобай яна праблем таксама не мела.
На старонцы дзевяцікласніцы ў сацыяльнай сетцы пазначаны статус: "Усе мае мары абрушыліся ў адзін дзень".
У Рагачоўскім раёне раніцай 20 кастрычніка побач са школай ля вёскі Лучын знойдзена цела павешанай 14-гадовай дзяўчынкі. Яго знайшоў жыхар вёскі, які праходзіў міма будынка мясцовай школы. Побач з ім размешчана трансфарматарная падстанцыя. На металічнай лесвіцы, якая прымыкае да падстанцыі, мужчына ўбачыў цела дзіця, яно вісела на вяроўцы. Мужчына неадкладна паведаміў у міліцыю, расказала Еўрарадыё прадстаўніца Следчага камітэта па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава.
На месцы здарэння працуе следчая група. Пакуль вядома толькі тое, што дзяўчынка вучылася ў 9-м класе гэтай школы.