Школы і садкі забяспечваюць пікеты педагогамі (фота неафіцыйнага дакумента)

Еўрарадыё атрымала копію дзіўнага дакумента аб удзеле педагогаў у пікетах за Аляксандра Лукашэнку. І пацікавілася, ці сапраўды адміністрацыйны рэсурс выкарыстоўваюць так адкрыта і ці не ёсць гэта парушэннем заканадаўства.
На копіі дакумента, які аказаўся ў распараджэнні Еўрарадыё, на кожны дзень цягам двух тыдняў пазначаны час, нумары школ і садкоў, з якіх патрабуюць прадставіць сваіх супрацоўнікаў на пікет ля мінскага рынка "Серабранка".

Дакумент не мае ні нумару, ні пячаткі, ні подпісу. Адрасаты — "кіраўнікі ўстаноў адукацыі". Іх просяць "забяспечыць удзел маладых, ініцыятыўных супрацоўнікаў".

Графік складзены ад імя Анжэлы Насковай, старшыні аддзела ідэалагічнай і выхаваўчай працы Ўпраўлення адукацыі Ленінскага раёна.




Копія дакумента

У размове з Еўрарадыё Анжэла Наскова факт існавання графіка пікетавання ля рынка "Серабранка" не адмовіла.

Анжэла Наскова: "Графік зрабілі так, каб людзям было зручна, каб маглі чаргавацца, каб не было нагрузкай для іх. Мы прапануем педагогам выйсці ў гэты час пікетаваць, але яны самі паводле свайго жадання ідуць".

Згодна са словамі Анжэлы Насковай, ініцыятыва скласці графік належыць не адукацыйнаму ўпраўленню раёна, а штабу Аляксандра Лукашэнкі.

Анжэла Наскова: "Гэта з рэкамендацыі штаба быў распісаны час усіх ініцыятыўных людзей, як яны стаяць. У нас Асіпчук Святлана Анатольеўна  — прадстаўніца нашага штаба, і гэта распрацоўвалася разам з ёй, гэта не проста я сабе ўзяла распрацавала".

Еўрарадыё: "Значыць, вы проста дапамагаеце штабу?"

Анжэла Наскова:  "Так, я сама ініцыятыўная асоба, і мы працуем толькі праз штаб, толькі з яго згоды. Тое, што яны сказалі, — тое мы і робім".

Ідэолаг упэўнівае, што школы могуць і адмовіцца, але яны добраахвотна самі падтрымліваюць: "настаўнікі даволі падкаваныя ідэалагічна, разумеюць сітуацыю", - кажа спадарыня Наскова.

19 кастрычніка Еўрарадыё праверыла, ці сапраўды людзі з пазначанымі ў дакуменце прозвішчамі стаяць у пікеце.


Вытрымка з графіка. У гэты дзень Еўрарадыё выправілася на пікет ля рынку "Серабранка". На ім прысутнічала Ляўкоўская Ала, і па два супрацоўнікі з
ДУ №101, СШ №118 і СШ №54, як і пазначана ў графіку.

На пікеце а 12-ай гадзіне прысутнічала сябра ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі Ала Ляўкоўская, як і пазначана ў графіку. Каля яе — група падтрымкі: чатыры жанчыны і дзве маладыя дзяўчыны. Усе — у шаліках "Белая Русь". Ніхто з іх, апрача Алы Ляўкоўскай, пасведчанне сябра ініцыятыўнай групы не паказаў.

Еўрарадыё: Вы з якой школы?
Дзве жанчыны: З 54-й.
Еўрарадыё, да дзвюх іншых жанчын: А вы — з 118-ай, так?
Дзве іншыя жанчыны: Не, дзіцячы садок №101" [той самы, адкуль Ала Ляўкоўская — заўвага Еўрарадыё].
Еўрарадыё: А з 118-й школы ёсць?
Жанчыны: Не, не ведаем тут такіх, мы з 54-ай школы і садка №101.

Звяртаюся да дзвюх маладых дзяўчат з групы падтрымкі, якія стаяць трохі паасобку.

Еўрарадыё: Дзяўчаты, прывітанне! Вы з 118-й школы?"
Дзяўчыны: Так.
Еўрарадыё: Ці праўда, што вас школа адпраўляе прымусова?
Дзяўчыны (увесь час смяюцца): Не, мы добраахвотна! За квітнеючую Беларусь!

Такім чынам, усе пазначаныя ў дакуменце школы і садкі за 19 кастрычніка супадаюць.

Ала Ляўкоўская і жанчыны з групы падтрымкі абвяргаюць, што адукацыйныя ўстановы фармуюць групы падтрымкі прымусова-добраахвотна.

Ала Ляўкоўская: "Я такога не чула. У мяне ёсць група падтрымкі — хто жадае, той ідзе! Сцвярджаю, што такога не можа быць!"

Дырэктары шэрагу школ, якія пазначаныя ў графіку, таксама кажуць, што ўсё добраахвотна. Вытрымкі з размоваў:

Еўрарадыё: Вам не здаецца дзіўным, што Ўпраўленне адукацыі...
Дырэктарка школы: Не, мне не здаецца дзіўным... Гэта добраахвотная справа кожнага чалавека.
Еўрарадыё: Як адбор настаўнікаў адбываецца на пікет?
Дырэктар іншай школы: Гэтае пытанне намеснік дырэктара па выхаваўчай працы курыруе. А ўвогуле — усё добраахвотна. Большасць настаўнікаў падтрымліваюць лінію кіраўніцтва, таму нікога прымушаць не даводзіцца.
Еўрарадыё: Ці можна не выконваць дакумент аддзела ідэалогіі і не адпраўляць настаўнікаў на пікеты?
Дырэктар яшчэ адной школы: Вядома!
Еўрарадыё: А як гэта адбываецца? Вы, напрыклад, пытаецеся ў настаўнікаў у настаўніцкай, хто хацеў бы пайсці?
Дырэктар яшчэ адной школы: Ну так!

19 кастрычніка Еўрарадыё звярнулася да старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай з пытаннем, ці не з'яўляецца гэта выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурса і ці не парушае выбарчае заканадаўства. Частка размовы:

Еўрарадыё: ...На ваш погляд, гэта не парушае выбарчае заканадаўства?
Лідзія Ярмошына: Я не бачу гэтага дакумента, таму нічога не магу каментаваць завочна з чужых словаў.
Еўрарадыё: А калі гэты дакумент — рэальнасць?
Лідзія Ярмошына: Я павінна яго бачыць. Я не думаю, што ён існуе як рэальнасць.
Абсалютна не веру ў гэта... Гэта вам нехта паведаміў! Вы не бачылі гэтага дакумента!
Еўрарадыё: Я трымаю яго копію ў руках...

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч кажа, што падобныя прадпісанні — парушэнне выбарчага заканадаўства.

Валянцін Стэфановіч: "Я лічу, гэта незаконна. Гэта выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурса чысцейшай вады.  Паводле 61-га артыкула Выбарчага кодэкса, забараняецца ўдзел адміністрацый арганізацый у зборы подпісаў... Усе садкі і школы падпарадкоўваюцца раённаму аддзелу адукацыі. Выходзіць, што аддзел адукацыі раёна, выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы, накіроўвае сваіх падначаленых на пікеты".

Валянцін Стэфановіч задаецца пытаннем: ці аплачваецца педагогам час пікетавання з дзяржаўнага бюджэту альбо яны бяруць адгул з працы?

Вытрымка з артыкула 61 Выбарчага кодэкса РБ: "Удзел адміністрацыі арганізацыі  ў зборы подпісаў, як і прымус у працэсе збору подпісаў і ўзнагароджанне выбарцаў за ўнясенне подпісу, не дапускаюцца. Парушэнне гэтых патрабаванняў можа быць падставай для адмовы ў рэгістрацыі альбо адмены рашэння аб рэгістрацыі кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь".

На фота: адзін з пікетаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі