"Шпульнула на грошы": пра Канапацкую распаўсюджваюць чуткі, яна іх абвяргае
Ганна Канапацкая / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё
"Штаб працуе, подпісы збіраюцца, сёння ў нас ужо ёсць 72 тысячы. Ведаем мэту і рухаемся камандай наперад", — так патэнцыйная кандыдатка ў прэзідэнты Ганна Канапацкая рэагуе на чуткі аб тым, што яна не плаціць сваім валанцёрам.
“Зняла ўсе пікеты. Шпульнула ўвесь штаб на грошы. Нікому не заплаціла за працу ў камандзе. Таксама шпульнула БелГазету, была дамоўленасць па артыкуле і выкупе накладу ў памеры 2 тысяч па сабекошце для раздачы на пікетах. Калі ўсё выйшла — адмовілася і сказала, што перадумала. Тырчыць бнфаўцам буйныя сумы і ўсіх заблакавала. Штаб не працуе", — гэта паведамленне з'явілася ў буйным ТГ-канале “Выборы. Беларусь” у панядзелак, 8 траўня.
Канапацкая нагадвае, што яе актывісты працуюць на добраахвотных пачатках. Палітык перакананая: беларусы "павінны самі ўстаць з канапы, прымаць усе намаганні, каб у Беларусі прыйшлі рэформы". А паведамленні такога роду яна лічыць несумленнымі прыёмамі з боку канкурэнтаў.
"Калі я камусьці наступіла на мазоль і раскрыла лялькаводаў з Масквы — такім подлым спосабам помсціць... Можа быць, гэта іх метады?.." — кажа патэнцыйная кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі.
На пытанне, хто можа ёй помсціць, Канапацкая адказвае так:
“Нягледзячы на тое, што ў нас сёння шмат прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі, прадстаўнікоў буйных карпарацый у нас не так шмат”.
Галоўрэд "БелГазеты" Кірыл Жываловіч не пацвярджае, што ў яго былі нейкія дамоўленасці з Ганнай Канапацкай, і тым больш — што яна не выканала нейкія абавязацельствы. Сама Ганна таксама сцвярджае, што ніякага канфлікту з "БелГазетай" няма.
Тэлефон кіраўніка штаба Ганны Канапацкай Ігара Лялькова ўключаны ў рэжым забароны ўваходных званкоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.