Штаб Бабарыкі: закрыты суд адхіліў скаргі Купрэевай на затрыманне

Штаб Бабарыкі: закрыты суд адхіліў скаргі Купрэевай на затрыманне

Увечары 16 чэрвеня суд Маскоўскага раёна Мінска разгледзеў скаргі Святланы Купрэевай і яе адваката на затрыманне. Пасяджэнне адбывалася ў закрытым рэжыме. Штаб Віктара Бабарыкі паведаміў парталу TUT.by, што абедзве скаргі былі адхіленыя.

Звестак пра тое, што Купрэевай выставілі абвінавачанне, няма. Гэта значыць, што яна застаецца пад вартай як падазраваная.

"Дачыненне Купрэевай да якіх-небудзь супрацьзаконных дзеянняў выклікае вялікія сумневы, бо яна не працавала ні ў "Белгазпрамбанку", ні ў адной з фірм, дзе праходзілі ператрусы. Яна толькі з'яўляецца сяброўкай Віктара Бабарыка. Грамадскасць звязвае пераслед Купрэевай з тым, што яна знаходзілася ў ініцыятыўнай групе Бабарыкі", — кажуць у штабе прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду.

Адваката да Купрэевай у СІЗА КДБ не дапусцілі ні 16 чэрвеня, ні раней — спаслаліся на каранцін у сувязі з каранавірусам. Дарэчы, у іншых следчых ізалятарах адвакаты маюць магчымасць спаткацца з падабароннымі. 

Як распавядала Еўрарадыё, 11 чэрвеня супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю затрымалі Святлану Купрэеву — сяброўку сям'і Віктара Бабарыкі і сябра яго ініцыятыўнай групы, каардынатара па адным з раёнаў Мінска. Жанчына не мела ніякага дачынення да "Белгазпрамбанка" і іншых кампаній, дзе прайшлі ператрусы. Бабарыка ўдакладніў, што іх са Святланай звязваюць выключна сяброўскія, а не дзелавыя адносіны.

Купрэеву змясцілі ў СІЗА КДБ. Дома ў яе адбыўся ператрус. Рэчы першай неабходнасці ёй змаглі перадаць толькі праз чатыры дні пасля затрымання. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі