Што адбываецца з цэнамі і асартыментам у крамах і чаго чакаць далей

У крамах скараціўся асартымент / "Беларусь за МКАДом"
У крамах скараціўся асартымент / "Беларусь за МКАДом"

Чыноўнікі не адзін год змагаліся з ростам цэн у Беларусі: пашыралі і скарачалі спісы сацыяльна значных тавараў, абмяжоўвалі іх павелічэнне на 0,5% у месяц, рэкамендавалі максімальна магчымыя надбаўкі. Аднак інфляцыя то хутчэй, то трохі павольней ішла наперад.

У пачатку кастрычніка Аляксандр Лукашэнка строга забараніў любым цэнам расці. А тых прадаўцоў, якія ўсё яшчэ спрабавалі кіравацца законамі рынку, прыстрашылі крыміналкамі. Але 19 кастрычніка гэтае рашэнне адмянілі і зноў увялі рэгуляванне цэн. На гэты раз чыноўнікі склалі спіс з 370 відаў тавараў — харчавання, адзення і іншых — і ўвялі на іх гранічныя надбаўкі для імпарцёраў і гандлю. А павышэнне адпускных цэн цяпер трэба ўзгадняць з дзяржаўнымі органамі.

І вось у лістападзе, калі Белстат прадставіў статыстыку па цэнах за кастрычнік, чыноўнікі радасна адрапартавалі, маўляў, зафіксавалі дэфляцыю.

Сістэма рэгулявання цэн працуе ўжо амаль тры тыдні. Пытанняў узнікала шмат, асабліва ў нехарчовым сегменце, паколькі харчовы і раней знаходзіўся ва ўмовах цэнавага рэгулявання, падыходы ім вядомыя. Мы ўжо бачым эфект ад прынятых мераў. У кастрычніку ў нас дэфляцыя. І па годзе ў цэлым інфляцыя істотна запаволіцца", - паведаміў намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Андрэй Картун.

Что происходит с ценами и ассортиментом в магазинах и чего ждать дальше

У кастрычніку ў параўнанні з вераснем кошты знізіліся на 1%. У гадавым выражэнні інфляцыя запаволілася да 15,2%. Харчовыя тавары за кастрычнік патаннелі на 0,6%, а нехарчовыя — на 1,6%.

Тым часам пакупнікі сталі заўважаць, што і так ужо не вельмі багаты асартымент у крамах стаў скарачацца яшчэ больш. Да прыкладу, у некаторых буйных прадуктовых крамах паліцы застаўлены адным відам смятаны. Або ў халадзільніках усяго два віды малака. Людзі скардзіліся, што знікаюць з продажу кукурузныя палачкі, корм для жывёл, імпартная касметыка і бытавая хімія.

Еўрарадыё паглядзела, якія прадукты больш за ўсё патаннелі ў кастрычніку, і запыталася ў эксперта, ці звязаныя з гэтым паўпустыя паліцы ў крамах.

Болей за ўсё знізіліся ў цане рыбныя паўфабрыкаты, грэчка і іншыя крупы, маянэз. Таксама ў лідарах апынуліся гародніна і садавіна.

Нягледзячы на жорсткае рэгуляванне цэн, у спісе ёсць прадукты, якія ў кастрычніку падаражэлі нават больш чым на 1%. Гэта памідоры, агуркі, перац, тварог, ёгурт і іншыя.

Валянцін Сакалоўскі: "Улады паводзяць сябе як чалавек у стане крайняга алкагольнага ап'янення"

Валянцін Сакалоўскі, дырэктар па развіцці бізнесу кампаніі DataTile у Расіі і ва Усходняй Еўропе, экс-кіраўнік аддзела па працы з рознічнымі сеткамі ў Nielsen лічыць, што асноўная прычына кастрычніцкай дэфляцыі — гэта менавіта адміністрацыйнае рэгуляванне цэн і пагрозы крымінальнай адказнасці за іх павышэнне.

— Незалежна ад таго, у якой сферы працуеш, ты будзеш перастрахоўвацца, калі табе скажуць, што за павышэнне коштаў пагражае крымінальная справа і рэальнае зняволенне, — кажа Валянцін Сакалоўскі. — Другі момант: ёсць падставы сумнявацца, што Белстат канкрэтна тут паказвае дакладную карціну таго, што адбываецца на рынку, а не спрабуе яе якім-небудзь чынам падладзіць, выдаць тыя лічбы, якія хоча бачыць дзяржава.

Ёсць два віды статыстыкі — публічная і ўнутраная. Унутраная тая, якая паказвае рэальны стан спраў, і якая ідзе закрытай у Саўмін, Нацбанк, яшчэ кудысьці. Публічная — тая, што паказваецца народу. Наколькі гэтыя лічбы супадаюць, ведаюць толькі тыя, хто атрымлівае ўнутраную статыстыку.

Таксама эксперт кажа, што на запаволенне інфляцыі паўплывалі паводзіны вытворцаў і імпарцёраў, якія рэагуюць на сітуацыю, што складаецца на рынку.

Насельніцтва не становіцца багацейшае і больш плацежаздольнае. Попыт падае. Вытворцы загадзя ўжо пачалі займацца падганяннем спажывецкіх уласцівасцяў тавару да неабходнай цаны. Гэта значыць не вельмі высокай, бо дарагія тавары купляць няма каму. Вытворцы памяншаюць вагу, пагаршаюць склад, якасць этыкеткі і ўпакоўкі, максімальна эканомяць на вытворчасці. Імпарцёры перастаюць вазіць дарагія тавары.

Як глабальная тэндэнцыя гэта адбіваецца на запаволенні інфляцыі. Бо інфляцыя не ўлічвае цану, да прыкладу, на кілаграм шакаладу. Яна лічыць змяненне цаны на канкрэтнае найменне.

Скарачэнне асартыменту ў беларускіх крамах Валянцін Сакалоўскі звязвае менавіта з ручным рэгуляваннем цэн і эканомікі ў цэлым.

Склады сканчаюцца, новы тавар часцяком браць няма дзе. Глабальныя вытворцы вельмі своеасабліва глядзяць на беларускі рынак. Таму няясна, чым будуць запаўняцца паліцы. Да чаго прывядзе рэгуляванне? Да таго, што паменшыцца асартымент. Пра тое, што рэгуляванне прывядзе да скарачэння асартыменту, казалі абсалютна ўсе, акрамя дзяржаўных экспертаў. Так і адбылося.

Что происходит с ценами и ассортиментом в магазинах и чего ждать дальше

Вядома, гэта яшчэ не такая сітуацыя, як у СССР. Эксперт кажа, што да гэтага яшчэ далёка.

— Калі ўсе кажуць, што вада мокрая, то яна мокрая, трэба ў гэта паверыць. Як бы ўрад і Міністэрства гандлю не даводзілі, што ў нас усё "ў шакаладзе", законы эканомікі нельга памяняць ці ўвогуле адмяніць для асобна ўзятай Беларусі.

Але, мяркуючы па змене рыторыкі ўладаў з "паглядзіце, як у нас добра" на "паглядзіце, як у іх дрэнна", лепш у нас не стане. То бок, гэта не нейкі ўсплёск, які цяпер паволі будуць адмяняць і мікшыраваць. Гэта дзяржаўная палітыка "давайце максімальна жорстка ўсё рэгуляваць". Дык яны ж і кажуць, што "Савецкі Саюз — афігенная тэма была, ва ўсіх усё пароўну, не важна як ты працуеш". Усім стабільна кепска. Ва ўсіх стабільна нічога няма.

Валянцін Сакалоўскі дапускае, што ўся гэтая гісторыя з рэгуляваннем цэн можа дакаціцца да прыкладу Венесуэлы. Калі паліцы будуць зусім пустыя і запрацуе сістэма прэферэнцыйнага размеркавання: чыноўнікі, атрады самаабароны, паліцыя атрымліваюць тавары, а ўсе астатнія купляюць іх на чорным рынку за рынкавы кошт.

— Або да Савецкага Саюза, калі дэфіцыт і з чорным рынкам таксама ўсё досыць дрэнна. Ён як бы ёсць, але не настолькі маштабны, як у Венесуэле. Залежыць ад таго, наколькі дзяржава будзе жорстка сачыць, каб гэты чорны рынак існаваў ці не існаваў. Ёсць варыянт "нічога няма, але калі вы хочаце, з'ездзіце і закупіцеся". Іншая сітуацыя, калі ў Беларусі ўсё дрэнна, але прывезці нічога нельга. Пры гэтым не абавязкова забараняць. Можна проста, да прыкладу, увесці падатак 22 еўра на кілаграм тавараў, якія ты вязеш.

Гэта ж улады, яны паводзяць сябе як чалавек у стане крайняга алкагольнага ап'янення — ніколі не ведаеш, што яны выкінуць на гэты раз. Калі ты жывеш і вядзеш бізнес у Беларусі, то твая задача максімальна не адсвечваць. Зрабіць так, каб ніякае з тваіх дзеянняў не справакавала выбух агрэсіі ў твой адрас. Праўда, прадказаць, што яе можа справакаваць, вельмі складана.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі