Што думаюць пра сітуацыю ў Крыме фанаты “газпрамаўскіх” клубаў?

Футбольныя клубы “Чэлсі” (Лондан) і “Шальке-04” (Гельзенкірхен) апынуліся ў цікавай сітуацыі. Яны нібыта прадстаўляюць заходнія дэмакратычныя краіны, а ў той жа час шчыльна супрацоўнічаюць з “Газпрамам”, большай часткай акцый якога валодае расійская дзяржава, якая цяпер спрабуе далучыць да сябе частку Украіны.

Футбольныя фанаты не засталіся ўбаку і вырашылі выказацца.

“Шальке” базуецца на дэмакратычных поглядах, і свабода слова вельмі цэніцца намі. Мы не павінны паводзіць сябе як балонкі дэспата, спрабуючы ўзвялічыць яго візіт. Уладзімір Пуцін груба парушыў суверэнітэт Украіны”, — так фанаты з Гельзенкірхена ў адкрытым лісце пратэстуюць супраць меркаванай сустрэчы футбалістаў іх клуба з Уладзімірам Пуціным.

А ўкраінскія заўзятары “Чэлсі” правялі акцыю перад адной з апошніх гульняў. Яны прыйшлі да стадыёна з плакатамі “Абрамовіч, інвестуй у “Чэлсі”, а не ў вайну” і “Абрамовіч — захавальнік крывавых мільярдаў Пуціна ў Вялікабрытаніі”.

Фанаты бялградскай “Црвэны Звэзды”, якая таксама знаходзіцца пад апекай расійскага канцэрна, яшчэ ў лютым выказваліся наконт “майданаўскіх” падзей. Падчас гульні яны прадэманстравалі вялізны банер “Украінскія браты, пакуль вы праліваеце праваслаўную кроў, чэрці з захаду смяюцца ды паціраюць рукі. Падумайце пра гэта”.

Відавочна, што ў сербаў свае крыўды на Захад. Пра Крым пакуль маўчаць, перфомансаў з гэтай нагоды не рабілі. А вось на форумах актыўна абмяркоўваюць.

“Цікавая сітуацыя з заўзятарамі. Усе як адзін за адзіную і непадзельную дзяржаву, каб паказаць, наколькі ім важная Украіна і наколькі яе падтрымліваюць”, — піша адзін з фанатаў “Црвэны Звэзды”.

Сапраўды, нават фанаты “Таўрыі” у свой час выйшлі абараніць Еўрамайдан у Сімферопалі.

Тым часам фаны “Зеніта”, хіба, галоўнага спартовага праекта “Газпрама”, амаль што лікуюць ад усведамлення таго, што “Сімферопаль — рускі горад”. На сваёй трыбуне яны размясцілі вялізны банэр з надпісам: “Покуда Севастополь будет русским, Россия не изведает стыда”. А на “Ландскроне”, аб’яднаным сайце фанатаў ФК “Зеніт”, вісіць вось такі зварот:

“Мы — Фанаты “Зеніта” не можам заставацца ўбаку ад сітуацыі, якая склалася ва Украіне. Мы не хочам, каб пралілася славянская кроў, і мноства людзей пацярпела за інтарэсы Захаду. Заяўляем, што ў выпадку прыгнечання рускага насельніцтва, падтрымліваем любыя рашучыя дзеянні па яго абароне і гатовыя аказаць неабходную дапамогу са свайго боку. Мы супраць вайны, але гатовыя да бою!”

Вось так. Тым часам у выпадку чаго, гатовым да бою, магчыма, прыйдзецца цярпець і за інтарэсы “Газпрама”. Як сцвярджае эксперт па пытаннях энергетыкі Міхаіл Ганчар, расійская прысутнасць у Крыме дазволіць кампаніі пазбавіцца ад канкурэнтаў, якія займаюцца пошукам нетрадыцыйнага газа ў Чорным моры.

Міхаіл Ганчар: “Безумоўна, нестабільная сітуацыя ў Крыме пераводзіць усе праекты заходніх карпарацый па распрацоўцы нетраў Чорнага мора ў разрад віртуальных. Ніхто і цэнта не патраціць, каб праводзіць там пошукавыя працы”.

Фота: sports.ru, thefootballramble.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі