Што такое добры клуб па-літоўску?

У Мінску крутая тусоўка — гэта калі модна, стыльна і альтэрнатыўна . У Вільні — калі проста, нязмушана і часам нават брутальна. Калі ты пабачыш віленскія клубы Satta ці 11/20, ты адразу адчуеш розніцу паміж беларускім і літоўскім андэграўндам.
Літоўскае разуменне “добрага клуба” кардынальна адрозніваецца ад беларускага. Там увага звяртаецца не на знешнія чыннікі, такія як інтэр'ер, знешні выгляд заўсёднікаў і іншыя матэрыяльна абумоўленыя фішкі. У Літве галоўнае — канцэпцыя клуба і тыя ідэі, якія ён прасоўвае.

Калі быць дакладным, добры клуб — гэта калі туды можна звярнуцца са сваёй ідэй і яе дапамогуць рэалізаваць. Гэта калі не існуе абмежаванняў кшталту дрэс-коду, фармату і закону “свой-не свой”. Калі клуб добры — ён робіцца домам, а не месцам, дзе можна паказаць сябе. Для віджэйкі Эгле такім домам стала Satta.

Эгле: "Ёсць наша любімая Сатта – другі дом."

Satta – гэта канцэптуальны падвал на задворках Вільні. Нечым нагадвае наш “Графіці”, але больш разняволены і адкрыты да любых ідэяў. Там кожны дзень мае сваю канцэпцыю.



Раней па панядзелках адбываліся вечарыны Minimal Mondays. Цяпер праходзяць розныя тэматычныя вечарыны. У чацвер дыджэі Genys і Deneez праводзяць бясплатныя Fish Days. Таленавітая літоўская музыка Ганна, маці дваіх дзяцей, па нядзелях арганізоўвала Mums & Pups Days – вечарыны для мам і татаў.

Геніс: “Па нядзелях там збіраліся мамы з дзецьмі. Такія тусоўшчыцы, якія ўжо паспелі нарадзіць дзяцей”.

У альтэрнатыўных літоўскіх клубах асаблівае стаўленне да людзей. Накачаны ахоўнік з голенай галавой не глядзіць на цябе як на патэнцыйнага парушальніка спакою. Наадварот, ён усміхнецца і дапаможа табе дапаўзці да канапы, калі ты раптам будзеш занадта п'яны.

Эгле: "Там няма такіх ахоўнікаў, якія выкінуць цябе з клуба, калі ты будзеш занадта п'яны. Няма ніякай агрэсіі, ніхто цябе не адправіць дадому. Вельмі добрае стаўленне. Вельмі ліберальнае месца, чаго, можа, і не хапае астатнім клубам".

Ёсць у Вільні і такія клубы, пра якія вы ніколі не даведаецеся без дапамогі “тэмных” людзей. Напрыклад, адзін з такіх клубаў 11/20 (Green Club) знаходзіцца ў былым Палацы чыгуначнікаў. Дакладней, у яго падвале.



Сам Палац — гэта сквот. Дарэчы, будынак цяжка не заўважыць з-за экстравагантнага ўпрыгожвання ў выглядзе вялізарнага жалезнага крука, распавядае Эгле:

Эгле: “Будынак сам па сабе цікавы. Там у фасад будынку проста ўмантаваны жалезны крук".

Калі раней пра тусоўкі ў Green Club можна было прачытаць у Інтэрнэце, то цяпер інфармацыя распаўсюджваецца толькі праз СМС.

Эгле: “Там быў пажар, клуб зачыніўся і доўгі час там увогуле нічога не адбывалася. Цяпер там зноў канцэрты і тусоўкі, але пра іх зусім няма ніякай інфармацыі. Звычайна проста арганізатары дасылаюць СМС кшталту: “Сёння будзе тое і тое. Прыходзь”.

Галоўная ж асаблівасць літоўскага клубнага жыцця – гэта ягон незапатрабаванасць. Прагрэсіўная моладзь спрабуе ўладкаваць сваё жыццё так, каб не было неабходнасці кожныя выходныя адрывацца ў клубах.



Эгле: “Гэта залежыць ад таго, дзе ты жывеш і як ты жывеш. Калі ты жывеш у каробцы на раёне, дык ты будзеш проста выязджаць у цэнтр, каб у шынку пасядзець ці на тусоўку схадзіць. А так як мы тут жывем - і ў цэнтры, і на прыродзе адначасова – дык нам нават не хочацца нікуды ісці, таму што проста добра быць дома”.   

Фота: Тося Кукс


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі