“Схуднеў амаль у два разы!” Лабрадор Сноў пазбег кастрацыі і вярнуўся дадому

“Схуднеў амаль у два разы!” Лабрадор Сноў пазбег кастрацыі і вярнуўся дадому

Лабрадор Сноў, якога 7 студзеня мінскія зоаабронцы падабралі на шашы пад Ашмянамі, вярнуўся на хутар да сваіх гаспадароў. Сталічныя прыгоды сабакі расцягнуліся амаль на два месяцы. Лабрадор моцна схуднеў і займеў праблемы з вачыма, але пазбег стэрылізацыі. Пакуль Сноў бадзяўся па ператрымках, гаспадарам пагражалі кастрыраваць сабаку і вінавацілі ў тым, што яны не дбаюць пра свайго лабрадора.

Гаспадыня сабакі Кацярына Рудзік распавяла Еўрарадыё, як атрымалася вярнуць Сноў дадому і што міліцыя і пракуратура зрабілі па заявах на зоаабаронцаў. А абаронца жывёл Ірына Марцюшэўская, якая распачала ўсю гісторыю, аказалася ўвогуле не ў курсе, дзе знаходзіцца Сноў.

“Шэрсць брудная і аблазіць, вушы брудныя, на вачах кан’юктывіт”

“За гэты час сабака схуднеў літаральна на палову. У яго сапсавалася шэрсць, ён часта чухаецца, вушы ўсярэдзіне брудныя, вочы пачырванелі і слязяцца. Дамы [зоаабаронцы. — Еўрарадыё] мяне так “палохалі'', што Сноў будзе ў добрых умовах, не будзе ні ў чым мець патрэбы, што яны зоймуцца прышчэпкамі і стэрылізацыяй. У выніку яго дрэнна кармілі і практычна пазбавілі неабходнага дагляду”.

“Схуднеў амаль у два разы!” Лабрадор Сноў пазбег кастрацыі і вярнуўся дадому
Сабака да таго, як патрапіў да абаронцаў жывёлаў і пасля таго, як Сноў вярнулі да гаспадароў.

Сабаку гаспадарам вярнула адна з дзяўчат, да якой Сноў патрапіў на ператрымку. Яна разабралася ў гісторыі і аддала сабаку Кацярыне. Дома гаспадары чыпавалі лабрадора, каб больш не губляць свайго любімца.

“Добра, што Сноў на чарговую ператрымку патрапіў да адэкватнага чалавека, — кажа Кацярына Рудзік. — Чалавека, які сапраўды дбаў пра жывёлу і разумеў, што сабаку патрэбна. Сноў трапляў на ператрымку да велізарнай колькасці людзей, я нават не ўпэўненая, што ён жыў не на вуліцы. Шэрсць брудная і аблазіць, вушы брудныя, на вачах нешта падобнае на кан’юктывіт. Я рада, што Сноў не кастрыравалі і не ўчынілі яму яшчэ большы стрэс, прычым, як фізічны, так і маральны”.

“Не трэба ратаваць жывёл, у якіх ёсць сям'я”

Цяпер сабака атрымлівае лячэнне і набірае вагу. Заявы Кацярыны у міліцыю і пракуратуру нічога не далі. У міліцыі, па словах гаспадыні сабакі, са справай марудзілі, а потым сказалі, што законы парушаныя не былі. У пракуратуры сітуацыя таксама стаіць на месцы — следчыя чакаюць вынікі праверкі з міліцыі.

Кацярына ўжо не вельмі хоча даваць справе ход, бо сабаку вярнулі. Галоўнае пытанне, якое турбуе дзяўчыну: ці сапраўды зоаабаронцы маюць права рабіць усё так, як яны хочуць.

“На словах зоаабаронцы — героі. А чаму ж тады іх словы і прыгожыя выказванні так разыходзяцца з рэальнасцю? Я, вядома, не магу сцвярджаць, што ўсе з гэтай сферы такія ж, але, дзякуючы некаторым, гэты рух абясцэньваецца. Вы не становіцеся абаронцамі жывёл толькі ад таго, што ў вас існуе суполка ў сацыяльных сетках і вы ўмееце прыгожа гаварыць. Чытайце кнігі пра сабак, хадзіце на курсы. Тады хоць трохі будзеце разважаць і не давядзеце больш ніводнга дагледжанага хатняга сабаку да такога стану.

Не трэба ратаваць жывёл, у якіх ёсць сям'я, дзе пра іх клапоцяцца. Не трэба абражаць людзей, паказваючы ім, што рабіць. Не варта прыдумляць смешныя прычыны іх псеўдаратавання, а яшчэ маё любімае — не трэба параўноўваць жывёл з дзецьмі! Зоаабаронцы павінны абараняць правы жывёл, а не узносіць да нябёсаў пачуццё ўласнай годнасці!”

“Лабрадор дагледжаны і прыстроены ў добрыя рукі”

Абаронца жывёл Ірына Марцюшэўская раней казала, што лабрадор Сноў не вернецца да сваіх гаспадароў. Цяпер жа яна заявіла Еўрарадыё, што з сабакам усё “добра і хораша”:

“Ніякага працягу гісторыі не было. Усё добра і хораша, — адказала яна на пытанне, чым завяршылася гісторыя са Сноў. — Мяне выклікалі ў міліцыю на размову, але на тым усё і скончылася. Сустрэчную заяву мы вырашылі не падаваць. Што тычыцца лабрадора, то з ім усё добра, ён дагледжаны і прыстроены ў добрыя рукі”.

Пра тое, што Сноў вярнулі гаспадарам, зоаабаронца даведалася толькі ад карэспандэнта Еўрарадыё.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі