Шумчанка адказвае Лукашэнку пра іпэшнікаў — бандытаў і злачынцаў

Шумчанка адказвае Лукашэнку пра іпэшнікаў — бандытаў і злачынцаў

Падчас прыёму міністра гандлю Уладзіміра Калтовіча з дакладам Аляксандр Лукашэнка робіць шэраг гучных заяваў наконт іпэшнікаў.

"Не глядзіце на забастоўкі нейкіх іпэшнікаў ці яшчэ кагосьці. Мы дакладна дамовіліся летась! Мы не пацаны, каб нас вадзіць за нос, тым больш мяне. Мы дамовіліся — у гэтым ключы трэба дзейнічаць, — кажа кіраўнік краіны і дадае. — Трэба разумець, што тыя, хто завозіць сюды разнастайнае рыззё, і нават добрай якасці, калі б гэта было з Турцыі, Кітая, Расіі, і іншае — трэба разумець: усё, што мы завезлі да сябе адтуль, мы настолькі ж загубілі сваю эканоміку, лёгкую прамысловасць. Не будзе яна развівацца. Тым больш без дакументаў, без сертыфікатаў. Слухайце! Гэта ж мы ўзаконьваем бандытызм, злачынцаў! Адных ловім, саджаем, а іншым дазваляем".

Старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання дробных прадпрымальнікаў “ПерспектываАнатоль Шумчанка з усмешкай каментуе Еўрарадыё выказванні Аляксандра Лукашэнкі.

“Чалавек ведае пра нашы праблемы, гаворыць пра іх, звяртае ўвагу! Дык добра ж! Мы ж гэтага і дамагаліся, — кажа Шумчанка. — Яго выказванне пра “не глядзіце на забастоўкі”, я лічу, і ёсць прамы зварот увагі на тое, што людзі не маглі працаваць. Гэта па-першае. А па-другое, дзе мы казалі пра забастоўкі? Відаць, яму нехта так напісаў, даклаў… але гэта іх інтэрпрэтацыя, няхай яна застаецца на іх сумленні. Мы казалі пра тое, што людзі прыпынілі сваю дзейнасць з-за ўказа, які ён падпісаў! Натуральна, людзі расстроеныя. Сёння ў многіх людзей расплюшчыліся вочы на рашэнне прэзідэнта, на яго стаўленне да прадпрымальнікаў, выдатную заяву ён зрабіў наконт свайго бачання прадпрымальнікаў у гэтай краіне”.

Таксама Лукашэнка паведамляе, што сертыфікацыя тавараў — гэта толькі першы крок. Ужо сёлета будуць уведзеныя іншыя патрабаванні. "Тавар, таваратранспартная накладная, усе суправаджальныя дакументы, сертыфікацыя — прыязджай, гандлюй. Няма гэтага — гандляваць не будзеш”.

Гэты выраз Анатоль Шумчанка таксама ўспрымае з усмешкай, бо і раней мелі таваратранспартную накладную ды суправаджальныя дакументы:

Шумчанка адказвае Лукашэнку пра іпэшнікаў — бандытаў і злачынцаў

“Крокі ж вызначаюцца рашэннем мытнага саюза, а яно ўжо ёсць. Сертыфікаты ці ёсць, ці іх няма! Які наступны можа быць крок? Закрыць межы з боку Польшчы і Расіі? Крок жа ўжо зроблены. Мы і раней мелі таваратранспартную накладную, суправаджальныя дакументы. Яму, відаць, даклалі, што ў нас нічога няма, — насамрэч, расійскія сертыфікаты і накладныя ёсць. Пытанне ж у тым, што ўмовы іх пацвярджэння, штрафы і іншыя рэчы незразумелыя. Але сёння яму даклалі так, заўтра дакладуць інакш”.

Анатоль Шумчанка

У Мінэканомікі створаная працоўная група з прадстаўнікамі ўраду, якая ўзмоцнена працуе на ўрэгуляванне сітуацыі з іпэшнікамі. Пакуль праца групы распісаная да 17 лютага. Калі перамовы скончацца, Анатоль Шумчанка перакананы, што да кіраўніка краіны дойдзе і іншая інфармацыя, “не інтэрпрэтацыі, а пункт гледжання саміх іпэшнікаў”.

Падчас сустрэчы з міністрам гандлю Аляксандр Лукашэнка патрабуе, каб ужо сёлета ў роўных умовах працавалі ўсе гандлёвыя структуры, дзяржаўныя і прыватныя, замежныя і айчынныя. “Яны гэтага заўсёды патрабуюць — дайце нам роўныя ўмовы. Вось роўныя ўмовы”.

“Але гэта ж не роўныя ўмовы! — парыруе Анатоль Шумчанка. — Не трэба нас падцягваць да буйнога алігархічнага бізнесу! Я адзінае хачу сказаць, каб людзі не хваляваліся, бо час усё роўна возьме сваё. Пытанне толькі часу і кошту. Ну чалавек бачыць такім чынам нашу ролю ў дзяржаве… Але чыя гэта праблема сёння? Натуральна, нам шкада, што ў яго такое ўяўленне пра прадпрымальніцтва. Але мне падаецца, што ўсё ж гэта больш яго праблема. Асабліва, гледзячы па тым, колькі эканамічна актыўных грамадзян не працавала, і такім чынам выказвала сваю пазіцыю. Так што, трэба ставіцца да ўсяго гэтага больш спакойна і рабіць пэўныя высновы”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі