Шумчанка: Калі ты зарабіў шмат грошай, ты не абавязаны імі дзяліцца

111115 ShumchankaS.mp3

Анатоль Шумчанка: Хацелася б сказаць адразу, вельмі шкада, што Леанід Козік лічыць багатымі людзей, якія зарабляюць 1000 долараў. У нашым глабальным свеце, у прыватнасці ў тым жа Еўрасаюзе ці ў ЗША гэтая лічба не азначае багацця, часта гэта сума выхадной дапамогі.

Еўрарадыё: Калі гаварыць пра канкрэтныя лічбы, то напрыклад у Польшчы 1000 долараў – гэта сярэдні заробак. А падатак “для багатых” пачынаецца пры заробку амаль 2000 долараў за месяц.


Анатоль Шумчанка: Гэта я і хацеў сказаць, што вельмі мелка ён плавае. Мы лічым, што ў цяперашняй сітуацыі ў краіне трэба заахвочваць павелічэнне заробку, а не спрабаваць ставіць абмежаванні.

Еўрарадыё: Як гэта можа адбіцца на заробках? Людзі будуць намагацца менш зарабляць?


Анатоль Шумчанка: У цяперашніх умовах у Беларусі гэта ніяк не адаб’ецца па той простай прычыне, што заробак у 1000 долараў — нерэальны заробак сёння. Тое ж будзе і заўтра. Сярэдні заробак па краіне сёння складае каля 150 долараў. Не думаю, што сёння ёсць рэсурсы для таго, каб нашыя грамадзяне пачалі атрымліваць пад 1000 долараў. А тыя, дзеля каго яны хочуць гэта зрабіць, знойдуць магчымасці абыйсці гэты закон. Гэта вельмі проста робіцца: 999,99 долараў будзе заробак, а астатняе — прэмія.

Еўрарадыё: На каго можа быць скіраваная гэтая ініцыятыва? Каго бачаць у групе багатых афіцыйныя прафсаюзы?


Анатоль Шумчанка: Я думаю, што гэта глупая акцыя, разлічаная на тое, каб паказаць народу, што за кошт багатых будуць забяспечаныя бедныя слаі грамадства. Я параіў бы спадару Козіку заняцца не міфічнымі прапановамі, а рэальнымі праблемамі працоўных калектываў, лекараў, настаўнікаў. А ўсе ягоныя ініцыятывы — ад нячыстага, гэта мая думка.

Еўрарадыё: А ці можа гэта адбіцца на прадпрымальніках? Ці ёсць у нас прадпрымальнікі, што зараблялі б такія грошы?


Анатоль Шумчанка: На прадпрымальніках сапраўды можа адбіцца. Людзі бізнэса могуць зарабляць такія грошы, але любыя абмежавальныя меры прывядуць да супраціву, да развіцця ценявой эканомікі. Але ўвогуле я думаю, што пакуль заўчасна гаварыць пра гэтыя рэчы, бо гэта толькі прапанова. Наколькі мне вядома, ні адна з прапановаў Козіка да гэтага часу не была прынятая. Думаю, што не будзе прынятая і гэтая.

Калі гаварыць пра багатых, пра нейкую сацыяльную нагрузку, то правільна было б звярнуць увагу не на працаўнікоў, у тым ліку не на тых, хто стаіць на рынку ў кіёску, а звярнуць увагу на элітныя пасёлкі, на нашых беларускіх алігархаў. Там вельмі шмат грошай. Хоць я ўвогуле супраціўнік усялякіх сацыяльных падзелаў. Калі ты зарабіў шмат грошай, то ты іх зарабіў і не абавязаны ні з кім дзяліцца. Нейкія выплаты сацыяльнага характару павінны быць, падаткі павінны быць, але пераразмеркаванне на карысць бедных як заваёва сацыялістычнай рэвалюцыі — гэта няправільна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі