Шуневіч: ХК “Дынама-Мінск” не можа два гады запар заставацца па-за плэй-оф

Шуневіч: ХК “Дынама-Мінск” не можа два гады запар заставацца па-за плэй-оф

Старшыня назіральнага савета хакейнага клуба “Дынама-Мінск”, міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч раскрытыкаваў працу кіраўніцтва каманды. Сёння, 3 снежня прайшла нарада, на якой галоўнаму  трэнеру каманды Крэйгу Вудкрафту і намесніку гендырэктара Паўлу Бурбе вылучылі жорсткія ўмовы: калі “Дынама” не пачне зарабляць ачкі і паказваць гульню, будзе разглядацца пытанне аб змене кіраўніцтва клуба.

Са словаў Шуневіча, каманда не можа сабе дазволіць два гады запар заставацца па-за плэй-оф. “Калі так адбудзецца, гэта будзе азначаць, што ні кіраўніцтва, ні каманда не ў стане дамагацца вынікаў, а значыць і існаваць у такім выглядзе, як цяпер. Калі мы не прадэманструем гульню па выніках сезона, мне як кіраўніку давядзецца прыняць сур’ёзныя і непапулярныя меры”, — цытуе  Ігара Шуневіча прэс-служба МУС.

Разам з галоўным трэнерам звольненыя могуць быць гендырэктар Анатоль Курылец, яго намеснік Павел Бурба і некаторыя іншыя менеджэры, а таксама гульцы. Шуневіч пры гэтым спаслаўся на меркаванне іншых сябраў назіральнага савета і заўзятараў. Ён сказаў, што гатовы будаваць каманду з іншымі людзьмі.

Крэйг Вудкрафт пры гэтым адзначыў, што сёння клуб перажывае не найлепшыя часы — 5 ключавых гульцоў па стане здароўя выпалі з гульні. Каб запоўніць такія “дзіркі ў топавым звяне”, трэба набываць новых гульцоў або выкарыстоўваць рэзерв. Шуневіч на гэта сказаў, што кіраўніцтва мінскага “Дынама” можа прымаць усе рашэнні, апроч дадатковых матэрыяльных затратаў.

“Мне вядомыя ўсе цяжкасці, з якімі сутыкнуўся клуб, але мы не маем выбару, апроч як выжываць у такіх рэаліях”, — сказаў ён.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі