Пад амністыю не трапяць наркагандляры і паклёпнікі на кіраўніка дзяржавы
Сёлетняя амністыя будзе больш жорсткай адносна вельмі шырокага кола асуджаных.
13 траўня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі адразу ў двух чытаннях законапраект "Аб амністыі ў сувязі з 70-годзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў". Пад яго дзеянне трапляюць 8600 чалавек (больш падрабязна гл. тут). Сёлетняя амністыя традыцыйна вызваляе ад пакарання “льготныя” катэгорыі асуджаных: непаўналетніх, цяжарных жанчын, пенсіянераў, інвалідаў І і ІІ групы, хворых на сухоты і гэтак далей. Адначасова амністыя дае палёгку асуджаным за фінансавыя злачынствы — у тым выпадку, калі яны цалкам кампенсавалі нанесеную шкоду.
Але ёсць катэгорыі злачынцаў, заўважае міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч (менавіта ён прадстаўляў законапраект), на якіх амністыя-2015 не распаўсюджваецца.
Шуневіч: “Больш строгая стала амністыя, адносна вельмі шырокага кола асобаў і пераліку артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія тычыцца незаконнага абароту наркотыкаў. І ў адносінах да асобаў, якія здзейснілі злачынствы сэксуальнага характару ў адносінах да непаўнагадовых”.
Таксама пад амністыю не трапляюць забойцы міліцыянераў, паклёпнікі на кіраўніка дзяржавы, тыя, хто незаконна атрымалі замежную безвыплатную дапамогу.
На пытанне наконт вызвалення па амністыі палітзняволеных, Ігар Шуневіч адказаў традыцыйна: калі ўмовы амністыі будуць адпавядаць іх артыкулам і калі ў іх няма “злосных парушэнняў рэжыму, то патрапяць, калі ўмовы [амністыі] не адпавядаюць іх статусу і становішчу — значыцца не патрапяць”.
Чытаем закон “Аб амністыі”: там канкрэтна прыпісана, што пад амністыю не трапляюць людзі, асуджаныя “за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх” і за “парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў” (па гэтым артыкуле, напрыклад, асуджаны палітвязень Мікола Статкевіч).
Пад амністыю сёлета патрапяць тыя, хто ў калонію ці турму пасля вынясення прысуду нават не паспеў даехаць. Гаворка ідзе пра тых, тлумачыць Шуневіч, хто здзейсніў “некваліфікаванае хуліганства, менш цяжкія цялесныя пашкоджанні, першая частка артыкула аб падробцы дакументаў — тыя, дзе пакаранне да трох гадоў”. І ў каго прысуды да пакарання ў выглядзе арышту пачалі дзейнічаць на момант набыцця сілы закона “Аб амністыі”.
Як вядома, амністыя ў краіне адбываецца штогод і штогод такія злачынцы вызваляюцца практычна адразу пасля прысуду. Але Ігар Шуневіч не бачыць патрэбы пераводу такіх злачынстваў з крымінальных у адміністрацыйныя: “Практыка асуджэння да арышту не такая вялікая, каб рабіць такія высновы, але мы лічым, што ўвядзення такой практыкі, як арышт у пэўнай ступені сябе апраўдаў”, — сказаў ён.
Фота: Fotolia і Еўрарадыё