Сікорскі раіць апазіцыі не чапаць Януковіча, пакуль той не звольніць урад

Украінскую апазіцыю польскі міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі злавіў на тактычнай памылцы. Яны дарэмна патрабуюць адстаўкі прэзідэнта краіны Віктара Януковіча, упэўнены міністр.



“Патрабаванне адстаўкі прэзідэнта Украіны — гэта палітычная памылка, бо прэзідэнт з’яўляецца тым чалавекам, які прымае рашэнне аб стварэнні кааліцыйнага ўраду альбо аб падпісанні пагаднення аб асацыяцыі”, упэўнівае польскі міністр у эфіры тэлеканала TVN24.

                                              Радаслаў Сікорскі



Але сітуацыя на Майдане сёння выглядае так, што калі апазіцыя пагодзіцца з Сікорскім, то пойдзе ў адстаўку следам за Януковічам, тлумачыць Еўрарадыё намеснік лідара партыі “Свабода”, сябра камітэта па пытаннях нацыянальнай бяспекі і абароны Вярхоўнай Рады Украіны Юрый Сірацюк.



Юрый Сірацюк: “Патрабаванне адстаўкі Януковіча — гэта не патрабаванне “Свабоды”, “Бацькаўшчыны” ці “Удару”. Гэта — патрабаванне Майдана. Майдан патрабуе поўнага дэмантажу ўлады: адстаўкі прэзідэнта, ураду, роспуску Вярхоўнай Рады і адначасовых адміністрацыйных і парламенцкіх выбараў. Калі сёння лідары апазіцыі скажуць, што яны адмаўляюцца ад гэтых патрабаванняў, то народ на Майдане адмовіцца ад такіх лідараў!”

                                                Юрый Сірацюк



“Мы і так амаль стрымліваем людзей ад прымусовай “адстаўкі” Януковіча”, — падтрымлівае калегу дэпутат ад партыі “Бацькаўшчына” Андрэй Паўлоўскі.



Андрэй Паўлоўскі: “Мы ўчора ледзь стрымлівалі людзей — яны хацелі 100-тысячным натоўпам ісці да Януковіча ў госці. Каб ён убачыў і пачуў, чаго хочуць людзі і чаго яны патрабуюць. І думаю, што калі ён на гэтым тыдні нічога не зразумее, то людзі ўсё ж пойдуць да яго ў госці”.

                                                Андрэй Паўлоўскі



“І што ў такім выпадку застанецца рабіць лідарам апазіцыі?” — задаюць рытарычнае пытанне суразмоўцы Еўрарадыё.



Былы намеснік міністра замежных спраў Украіны, палітолаг Валерый Чалы прызнае: часткова выказванні Радаслава Сікорскага супадаюць з яго бачаннем сітуацыі. Справа ў тым, што ёсць такія патрабаванні, якія мусіць выконваць менавіта прэзідэнт Украіны.



Валерый Чалы: “Гэта тычыцца і ўжывання санкцыяў у дачыненні да тых, хто прымяніў сілу супраць мірных дэманстрантаў, гэта тычыцца пытання адстаўкі ўраду. Гэтыя пытанні ў кампетэнцыі прэзідэнта Украіны, і відавочна, што шмат пытанняў трэба вырашаць разам з ім”.



Складана сказаць, як бы паводзілі сябе лідары апазіцыі, калі б іх запрасілі за круглы стол перамоў з уладамі, але…



Валерый Чалы: “Можа быць знойдзена паразуменне за круглым сталом з удзелам Віктара Януковіча. Але сёння сітуацыя, на жаль, такая, што дзеючая ўлада пакуль што не ідзе ні на якія кампрамісы, і таму сітуацыя не паляпшаецца, а з кожным днём абвастраецца”.

                                                    Валерый Чалы



А вось калі Януковіч рашыцца на сілавы разгон Майдана, то людзі будуць мець гарантаванае самой Канстытуцыяй права патрабаваць адстаўкі прэзідэнта — ён стане ў такім выпадку нелегітымным кіраўніком краіны.



Валерый Чалы: “Найбольшая праблема — ужыванне сілавога сцэнару. Тады ўжо не будзе лозунгаў апазіцыі, круглых сталоў — будуць мала кантраляваныя дзеянні вялікіх мас людзей. Якія ператвараюцца ў такіх умовах у грамадзянскую супольнасць, у народ Украіны”.



Сёння, пагаджаецца Валерый Чалы з Радаславам Сікорскім, нерэальна гаварыць пра адстаўку прэзідэнта Януковіча, але “сітуацыя можа змяніцца ў лічаныя дні”. А ў які бок яна зменіцца, найперш залежыць ад “гаранта Канстытуцыі”, сцвярджаюць суразмоўцы Еўрарадыё.

Фота: www.pravda.com.ua, korrespondent.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі