Сілавікі атрымаюць супердоступ да плацяжоў беларусаў
Дастаткова будзе толькі падазрэнняў "аб здзяйсненні супрацьпраўных дзеянняў" / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Сілавікі атрымаюць супердоступ да плацяжоў беларусаў. Гэта вынікае з падпісанага днямі Аляксандрам Лукашэнкам указу "Аб мерах па супрацьдзеянні несанкцыянаваным плацежным аперацыям". Нацбанк і сілавікі аргументуюць новаўвядзенне барацьбой з махлярамі, піша "Зеркало".
Нацбанк на працягу шасці месяцаў створыць "аўтаматызаваную сістэму апрацоўкі інцыдэнтаў", у якую уключаць інфармацыю аб "несанкцыянаваных плацежных аперацыях і спробах іх здзяйснення". Гэта будуць даныя, якія ўяўляюць сабой банкаўскую таямніцу (інфармацыя аб несанкцыянаваных пераводах (у тым ліку электронных грошай), аб падазроных плацяжах).
Сярод сілавікоў, якія атрымаюць доступ да "аўтаматызаванай сістэмы апрацоўкі інцыдэнтаў", будуць органы пракуратуры, дзяржаўнай бяспекі, унутраных спраў, Следчы камітэт і Аператыўна-аналітычны цэнтр. Па рашэнні Генпракуратуры, КДК, СК і МУС змогуць прыпыняцца на тэрмін да 10 сутак расходныя аперацыі па банкаўскім рахунку, укладзе, электронным кашальку, калі з'явяцца даныя ці толькі падазрэнні "аб здзяйсненні супрацьпраўных дзеянняў".
Ва ўказе Лукашэнкі адзначаецца, што "перадача інфармацыі аб інцыдэнтах з АСАІ праваахоўным органам і пастаўшчыкам плацежных паслуг не з'яўляецца парушэннем банкаўскай таямніцы". А "апрацоўка персанальных звестак, якія змяшчаюцца ў інфармацыі аб інцыдэнтах, робіцца без згоды фізічнай асобы".
Дакумент пачне дзейнічаць праз паўгода.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.