Сілавікі зноў затрымалі актывістку з Верхнядзвінска і павезлі даседжваць арышт

Валянціна Болбат / viciebskspring.org

Валянціна Болбат / viciebskspring.org

Грамадскую актывістку з Верхнядзвінска Валянціну Болбат сёння раніцай забралі з дому сілавікі. Хутчэй за ўсё, павезлі ў Віцебскі ІЧУ адседжваць 30 сутак, якія раней ёй прызначыў раённы суд. Пра гэта стала вядома віцебскім праваабаронцам.

Увесну на Валянціну Болбат склалі адразу некалькі пратаколаў — за распаўсюд, выраб, захоўванне і перавозку інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 19.11 КаАП) і за парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў (арт. 24.23 КаАП). Але падчас абвяшчэння прысуду жанчыне зрабілася кепска. У яе здарыўся гіпертанічны крыз, і з суда Валянціну павезлі ў бальніцу. Там яна прабыла два тыдні. Потым жанчына аспрэчыла гэтае рашэнне райсуда ў Віцебскім абласным судзе — арышт ёй адмянілі.

Але потым яе справа зноў аказалася ў судзе — гэтым разам Наваполацкага раёна. Суддзя Зінаіда Балаболава прызначыла актывістцы з Верхнядзвінска 30 дзён арышту. Гэтым разам абскарджанне рашэння было безвыніковым, і жанчыну забралі ў ІЧУ. Віцебскія праваабаронцы падлічылі, што ўсяго сёлета грамадскую актывістку з Верхнядзвінска судзілі ўжо шэсць разоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі