Сілуанаў: Расія не абяцала Беларусі кампенсацый за падатковы манеўр

Сілуанаў: Расія не абяцала Беларусі кампенсацый за падатковы манеўр

Расія не абяцала Беларусі якія-небудзь кампенсацыі за падатковы манеўр. Пра гэта заявіў першы віцэ-прэм'ер Расійскай Федэрацыі, міністр фінансаў Антон Сілуанаў, паведамляе ТАСС.

"Расія не давала Беларусі якіх-небудзь абяцанняў па выплаце кампенсацый за змены падатковага заканадаўства ў Расіі. Лічым такія змены, у тым ліку падатковы манеўр у нафтагазавай галіны, унутранай справай РФ", — падкрэсліў расійскі чыноўнік.

Ён нагадаў, што магчымасць кампенсацыі абмяркоўвалася 13 снежня на пасяджэнні савета міністраў Саюзнай дзяржавы. Як распавядала Еўрарадыё, на гэтым пасяджэнні кіраўнік расійскага ўрада Дзмітрый Мядзведзеў прапанаваў два сцэнары: альбо захоўваецца цяперашняе становішча, альбо ідзе далейшая інтэграцыя Беларусі і Расіі са стварэннем адзінага эмісійнага цэнтра, адзінай мытнай службы, судовай сістэмы і г.д.

"Расія прапанавала беларускаму боку абмяркоўваць усе пытанні эканамічнага супрацоўніцтва комплексна, у рэчышчы нашых сумесных рашэнняў па выкананні Саюзнай дамовы 1999 года. На жаль, многія палажэнні гэтай дамовы ў цяперашні момант не выконваюцца. Неабходна надаць новы імпульс нашым адносінам у рамках раней дасягнутых дамоўленасцей", — пракаментаваў Сілуанаў.

Беларускія ўлады паведамілі, што ў 2019 годзе спадзяваліся атрымаць ад Расіі за падатковы манеўр каля 310 мільёнаў долараў кампенсацыі. Страты ўзнікнуць у выніку падаражэння нафты для Беларусі і зніжэння экспартных пошлін на нафтапрадукты.

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Петарда" за 14.12

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі