Сіноптыкі: Днямі ў Беларусі пацяплее, але дажджы працягнуцца
Днямі ў Беларусі пацяплее, але дажджы працягнуцца, кажуць сіноптыкі. Ужо ў выхадныя дні чакаецца павышэнне тэмпературы паветра. Пакуль жа красавіцкае надвор’е больш нагадвае сакавіцкае.
Як паведаміла БЕЛТА намеснік начальніка службы метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Святлана Рыбакова, красавік развітваецца з беларусамі дажджлівым і халодным надвор’ем. У пятніцу, 28 красавіка, уначы ападкі прагназуюцца пераважна ў Гомельскай вобласці, удзень — амаль па ўсёй краіне (месцамі — моцныя дажджы, на поўдні — навальніцы). Тэмпература паветра ў начныя гадзіны складзе ад 0 да 6 градусаў (на Гомельшчыне — ад +7 да +11), удзень — ад +5 да +11 (на паўднёвым усходзе — 12-17 градусаў цяпла, месцамі ў Гомельскай вобласці — да +23).
У суботу, 29 красавіка, дажджы магчымыя амаль па ўсёй Беларусі, месцамі — моцныя, а ў асобных раёнах — навальніцы. Уначы тэмпература паветра складзе ад +5 да +11 градусаў (на ўсходзе — да +14), удзень — 10-17 цяпла (на ўсходзе — да +23 градусаў).
У нядзелю, 30 красавіка, надвор’е будзе паляпшацца. Калі ў начныя гадзіны дажджы пройдуць па ўсёй краіне, дык удзень — на ўсходзе (месцамі — навальніцы). Уначы чакаецца ад +3 да +10 градусаў (на ўсходзе — да +12), удзень — ад +10 да +17 (на ўсходзе — да +22).
У панядзелак, 1 траўня, кароткачасовыя дажджы і навальніцы магчымыя на паўднёвым усходзе Беларусі. У начныя гадзіны тэмпература паветра складзе ад 0 да +7 (на Гомельшчыне — да +12 градусаў), у дзённыя гадзіны — ад +8 да +15 (на паўднёвым усходзе — да 20 градусаў).
У аўторак, 2 траўня, у нашай краіне кароткачасовыя дажджы магчымыя пераважна на паўночным захадзе. Тэмпература паветра ўначы складзе ад +3 да +10 градусаў, удзень — ад +11 да +18 (на поўдні — да +22).