Скандал: Шведы вылучылі грант у $25 тысяч праўладным беларускім палітолагам

Скандал: Шведы вылучылі грант у $25 тысяч праўладным беларускім палітолагам

Шведскія фонды, якія падтрымліваюць дэмакратыю ў Беларусі, вылучылі 200 тысяч крон ($25 тысяч) на даследаванне пра тое, ці патрэбны ў Беларусі нацыянальны інстытут па правах чалавека. Грант прызначаўся мінскаму “Цэнтру вывучэння знешняй палітыкі і бяспекі” (FPS), што базуецца на Факультэце міжнародных адносінаў БДУ.

Нацыянальны інстытут па правах чалавека (таксама яго можна назваць “Інстытут амбудсмена” і “Інстытут упаўнаважанага па правах чалавека”) — незалежная ўстанова, што займаецца абаронай правоў грамадзян. Упаўнаважаны па правах чалавека кантралюе дзейнасць дзяржаўнага апарата і рэагуе на скаргі аб парушэнні правоў асобы. Таксама ён мусіць мець права заканадаўчай ініцыятывы. У Расіі падобны грамадскі інстытут ужо ёсць — упаўнаважанай па правах чалавека з’яўляецца ўраджэнка Беларусі Таццяна Маскалькова.

“Па-першае, непрымальна, каб шведскі ўрад даваў грошы такой арганізацыі на такую мэту. Высновы, якія яны зробяць, напэўна, будуць блізкія да пазіцыі ўладаў, — абураецца кіраўнік шведскай праваабарончай арганізацыі “Усходняя група” (Östgruppen) Марцін Угла. — А па-другое, навошта гэта ацэньваць яшчэ раз? Мы цудоўна разумеем, што такі інстытут патрэбны. Мы лічым тое, што адбываецца, спробай рэжыма запаволіць працэс”.

Адкуль узялося гэтае даследаванне?

Гэты даследчы праект мае доўгую перадгісторыю. Па словах Марціна Углы, беларускія ўлады цягам доўгіх гадоў ухіляюцца ад стварэння нацыянальнага праваабарончага інстытута, на якім настойвае ААН. Але вось, нарэшце чыноўнікі “прыйшлі да высновы”, што “пытанне не дастаткова вывучанае”.

Агенцтва развіцця ПРААН пагадзілася з гэтым і выступіла з ініцыятывай: падрыхтаваць даклад “з мэтай ацэнкі дададзенай вартасці стварэння нацыянальнага праваабарончага інстытута ў Беларусі”. Усе наступныя крокі меркавалася рабіць пасля абмеркавання гэтага дакумента.

Скандал: Шведы вылучылі грант у $25 тысяч праўладным беларускім палітолагам
Яшчэ ў 2012 годзе Нацыянальны цэнтр заканадаўства цікавіўся ў праваабаронцаў, ці патрэбен Беларусі ўпаўнаважаны па правах чалавека. Дакумент: TUT.by

“Вынікі даследавання мусілі быць апублікаваныя ў жніўні. Аднак, наколькі я ведаю, ніякага публічнага абмеркавання не адбылося, — працягвае Марцін Угла. — Гэта не самы вялікі праект, але ж тут сітуацыя прынцыповая. Калі фінансуюцца такія праекты, значыць, больш важныя праекты не атрымаюць гэтых грошай”.

Östgruppen сцвярджае, што даследаванне фінансуецца з бюджэту Sida (Swedish International Development Cooperation Agency) — “Шведскага міжнароднага агенцтва па развіцці супрацоўніцтва”. Але і там, і ў МЗС Швецыі, і ў шведскай амбасадзе ў Мінску праваабаронцам адмовілі ў дэталях аб рэалізцыі праекта.

Што вядома пра FPS?

FPS размяшчаецца ў будынку Факультэта міжнародных адносін БДУ па вуліцы Ленінградскай, 20. Амаль усе эксперты цэнтра — гэта кіраўнікі ці выкладчыкі беларускіх ВНУ. Сярод іх — дзеючы дэкан ФМА Віктар Шадурскі і яго папярэднік Аляксандр Шарапа, загадчык кафедры дыпламатычнай і консульскай службы факультэта Андрэй Русаковіч, выкладчык гэтай кафедры Дзяніс Буконкін, супрацоўнікі кафедры міжнародных адносінаў Юліяна Малевіч, Аляксандр Ціхаміраў, Роза Турарбекава і Андрэй Селіванаў. Усе яны залежаць ад дзяржавы хаця б таму, што звязаныя з дзяржаўнай установай працоўнымі дамовамі, якія трэба рэгулярна перазаключаць.

Ёсць у спісе і асобы, больш заўважныя ў публічнай сферы. Напрыклад, каардынатар праекта “Цытадэль” Аляксандр Шпакоўскі. Дырэктар FPS Сяргей Палагін час ад часу выступае як аўтар прарасійскіх праектаў “Sputnik Беларусь” і IMHOclub. Падчас сакавіцкіх акцый пратэсту ён у эфіры тэлеканала АНТ назваў пазіцыю ўладаў “яснай і зразумелай”, а рэпрэсіўныя дзеянні міліцыі — вялікай перамогай, “бо імпатэнцыя ўладаў прыводзіць да таго, што адбылося ва Украіне”.

Марцін Угла лічыць “Цэнтр вывучэння знешняй палітыкі і бяспекі” тыповым GONGO (government-organized non-governmental organization) — недзяржаўнай арганізацый, створанай па ініцыятыве ўладаў. Намінальна GONGO не залежаць ад дзяржавы і прадстаўляюць грамадзянскую супольнасць. Але на практыцы іх мэта — лабіраванне інтарэсаў уладаў у міжнародных структурах і імітацыя дэмакратычных працэсаў у недэмакратычных краінах.

Па словах Марціна Углы, практыка, калі еўрапейскія гранты атрымліваюць не сапраўдныя недзяржаўныя арганізацыі, а GONGO, набывае масавы характар.

Якія вынікі прынесла даследаванне і ці будуць яны апублікаваныя?

Еўрарадыё датэлефанавалася да дырэктара “Цэнтра вывучэння знешняй палітыкі і бяспекі” Сяргея Палагіна. Ён пацвердзіў, што FPS сапраўды мусіў праводзіць даследаванне. Паміж Цэнтрам і ПРААН была складзеная дамова, але да яе падпісання справа не дайшла: у пэўны момант установы, адказныя за фінансаванне праекта, папросту згарнулі супрацоўніцтва.

“Мы не рыхтавалі даследаванне, таму што нам забаранілі. Не ведаю, ці гэта ААН спыніў, ці з беларускага боку — Савет міністраў [усе падобныя гранты праходзяць узгадненне на ўзроўні Саўміна. — Еўрарадыё], але грошай мы не атрымалі, — кажа сп. Палагін. — Мы былі зацікаўленыя ў даследаванні, усё было добра, мы мелі ўсе дакументы, і ў нас ёсць тыя, хто павінен быў займацца гэтым. Але ў пэўны момант мы не падпісалі дамову. І больш ніякіх паступовых крокаў з боку ААН не было”.

Хто менавіта спыніў праект — не прынцыпова. Так ці інакш, Беларусь не стала ні на крок бліжэйшай да стварэння нацыянальгана праваабарончага цэнтра. Пытанне пра яго ў чарговы раз зайшло ў тупік. Калі даследаванне, на якім настойвалі беларускія ўлады, не адбываецца, ПРААН давядзецца пачынаць перамовы з пачатку, шукаючы іншыя аргументы для чыноўнікаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі