Скандынавы не панікуюць. Ці пагражаюць выбухі на Nord Stream экакатастрофай
Калі ўвесь метан выцеча за тыдзень, і клімат, і акваторыя Балтыкі гэта перажывуць / Міністэрства абароны Нарвегіі
Метан, які знаходзіўся ў трубах "Паўночнага патоку", у 25 разоў больш згубны для клімату, чым вуглякіслы газ. Мы вас напалохалі? А цяпер супакоім.
Калі рэшткі метану выцекуць з труб за тыдзень, гаварыць пра катастрофу не давядзецца.
Хоць сусветныя медыя і пішуць, што выцечкі прыроднага газу з пашкоджаных нітак газаправодаў Nord Stream паскораць глабальнае пацяпленне.
Еўрарадыё коратка расказвае, ці можа "вялікая бурбалка", якая днямі ўсплыла ў Балтыйскім моры, звесці на нішто ўсе нашы спробы сартаваць смецце.
Пра рызыку экалагічнай катастрофы гаварыць рана
Ні адзін з пашкоджаных газаправодаў — ні Nord Stream, ні Nord Stream 2 — не быў у рабочым стане. Па першым з іх газ перасталі прапампоўваць у гэтым месяцы, а рэгулярныя прапампоўкі па другім яшчэ нават не пачыналі. І ўсё ж у трубах былі сур'ёзныя аб'ёмы прыроднага газу. У асноўным — метану. А метан — гэта сур'ёзная пагроза клімату і прычына глабальнага пацяплення, піша фінскае выданне YLE.
Брытанскае выданне The Guardian піша пра адну з "самых сур'ёзных выцечак прыроднага газу за ўсю гісторыю" і прагназуе значныя кліматычныя рызыкі. Метан дрэнна раствараецца ў вадзе, так што практычна ўвесь аб'ём газу, які выцеча з труб, трапіць у атмасферу. Але праз тыдзень метан у пашкоджаных трубах павінен скончыцца.
Фіны, міма якіх праходзяць трубы "Паўночнага патоку", не панікуюць. Паводле ацэнкі мясцовых экспертаў, аб'ём газу, які выцякае цяпер з труб, у горшым выпадку можа справакаваць такі выкід метану, які Фінляндыя стварае за год. Але толькі калі выцеча наогул увесь метан. А фінскі эксперт па пытаннях экалогіі, прафесар Велі-Пека Тынкінен кажа, што трубы наўрад ці будуць цалкам спустошаныя, піша мясцовае выданне YLE.
Так, з аднаго боку, такія выкіды ад усяго толькі аднаго аб'екта выключныя. Але з іншага — пра рызыку буйной экалагічнай катастрофы гаварыць пакуль рана.
Журналісты, праўда, дадаюць, што пакуль не ясна, ці працягне Расія запампоўваць газ у трубы. Калі так, то шкода клімату можа вырасці.
А што з рыбай?
"Газ, які прасачыўся на паверхню пад ціскам, забіў рыбу і планктон у гэтым раёне, але наступствы для марскога асяроддзя не ёсць доўгатэрміновымі", — піша фінскае медыя са спасылкай на кіраўніка аддзела даследаванняў Фінскага інстытута навакольнага асяроддзя Самулі Корпінена.
Калі ўвесь газ выльецца з трубы за тыдзень, то сур'ёзных наступстваў для акваторыі не будзе. Іншая рэч, калі газ будзе ліцца ў ваду працяглы час.
Гэтыя выкіды небяспечныя для людзей?
Трубы абедзвюх галін "Паўночнага патоку" праходзяць уздоўж Фінляндыі, але месцы выцечак знаходзяцца ў эканамічных зонах Даніі і Швецыі. Борнхальм — востраў у паўднёва-заходняй частцы Балтыйскага мора. Пункты выцечак знаходзяцца зусім побач з гэтым дацкім востравам.
Выданне YLE са спасылкай і на ўлады Даніі, і на муніцыпалітэт Борнхальма піша, што праблем са здароўем праз выцечкі газу ў мясцовых жыхароў не ўзнікне. На ўсялякі выпадак на ўзбярэжжы размясцілі прыборы для вымярэння канцэнтрацыі газу ў паветры.
Мэр Борнхальма Якаб Трост расказаў інфармацыйнаму агенцтву Reuters, што на востраве няма панікі. Так, згаджаецца мэр, пра выцечку гавораць. Але не больш, чым пра рост цэн на энерганосьбіты і пра няпэўную будучыню.
— Гэта ўсяго толькі новы раздзел у абвостранай сітуацыі з міжнароднай бяспекай, — дэманструе мэр паўночную вытрымку.
Караблі абыходзяць месца выбуху
Яшчэ адна праблема — газ, які працягвае выцякаць на паверхню мора, можа выбухнуць, таму ў раёне выцечак абвешчана ахоўная зона. Мясцовыя ўлады трымаюць сувязь з суднаходнымі кампаніямі і просяць абыходзіць месцы выцечак.
А хто-небудзь наогул меркаваў, што выцечка магчымая?
Не. Фінскія журналісты знайшлі дакументы, якія пралічвалі рызыкі выцечкі з труб "Паўночнага патоку" на навакольнае асяроддзе. У справаздачы сказана, што іх палічылі знікальна малымі, пішуць журналісты YLE.
У экалагічнай справаздачы, якая складалася каля 10 гадоў таму, такая выцечка разглядалася ў асноўным як тэарэтычная пагроза. Імавернасць выцечкі ацэньвалася як "адна ў 28 тысяч гадоў". На працягу тэрміну службы труб — а ён складае 50 гадоў — выцечка наогул лічылася немагчымай.
У гэтай справаздачы ўвага аддаецца ў асноўным рызыкам для навакольнага асяроддзя пры пракладцы газаправода. Ацэньваецца і яго ўплыў на падводную прыроду ў момант эксплуатацыі.
Складальнікі справаздачы зусім ужо нядбалымі не былі, яны прадугледзелі асноўныя пагрозы трубам. Галоўная з іх — караблі, якія могуць пашкодзіць Nord Stream, калі будуць станавіцца на якар. Яшчэ адна небяспека — караблекрушэнне.
Сярод іншых рызык — карозія труб, стыхійныя бедствы, старыя вайсковыя боепрыпасы. У канцы спіса рызык згадваюцца сабатаж і тэрарызм — менавіта гэтыя пункты, якія складальнікі справаздачы 10 гадоў таму паставілі на апошняе месца, цяпер і абмяркоўвае ўвесь свет.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.