Славацкі аналітык: Еўропа не гатовая да змен у адносінах з Беларуссю
На думку еўрапейскіх экспертаў, Савет ЕС пакіне санкцыі на ранейшым узроўні, хаця Макея могуць выкрасліць з “чорнага спісу”.
Цягам апошніх дзён паслявыбарчую сітуацыю ў Беларусі паспелі абмеркаваць і на пасяджэнні Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, і ў Еўрапарламенце. На чарзе — міністры замежных спраў краін ЕС, якія збяруцца на пасяджэнне 15 кастрычніка. Ці чакаць ад іх зменаў у палітыцы адносна нашай краіны?
На думку навуковага дырэктара Германа-расійскага форума, берлінскага палітолага Аляксандра Рара, 15 кастрычніка будуць выказвацца меркаванні як аб неабходнасці “абмежаванага сяброўства” з Беларуссю, так і адваротныя.
Аляксандр Рар: “Узмацніліся праблемы з Украінай і Расіяй у ЕС. Мяркую, некаторыя сілы ўнутры Еўрасаюза дзеля збалансавання сітуацыі будуць, наадварот, казаць, што калі ўжо губляем Расію і Украіну, то не будзем цалкам губляць Беларусь. І будуць імкнуцца знайсці нейкія формы стварэння новых адносінаў, пастараюцца працягнуць Мінску руку. Але і нейкія заклікі праводзіць санкцыі ў дачыненні да Беларусі — якая, як і Расія з Украінай, не рухаецца, як хацелася б Захаду, у бок ліберальнай дэмакратыі — таксама будуць прысутнічаць”.
У выніку ж ніякага новага рашэння — ні аб пашырэнні санкцый, ні аб іх палягчэнні — прыняць міністрам не ўдасца. Хаця б таму, што за яго павінны прагаласаваць усе 27 кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў. А з улікам пазіцыі як Усходу, так і Захаду, стан “халоднага супрацьстаяння” працягнецца.
Аляксандр Рар: “Непахісная пазіцыя ў беларусаў, расіян, а цяпер і ўкраінцаў — стаяць на сваім і чакаць, пакуль Еўрасаюз гэта не ўсвядоміць. І не зменіць пазіцыю ў адносінах да Беларусі, да прыкладу. А Еўрапейскі саюз таксама не хоча ні ў якім разе адысці ад сваіх выказаных прэтэнзій у адносінах да Беларусі і сваіх прынцыпаў. І гэтыя два пункты гледжання, скажам шчыра, непрымірымыя”.
Што тычыцца зняцця забароны на ўезд у ЕС з міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея, то, лічыць Рар, не мець магчымасці сустракацца з ім у Еўропе — нонсэнс.
Аляксандр Рар: “З тэхнічных прычынаў, я думаю, уезд спадару Макею ў Еўрапейскі саюз будзе адкрыты. Затое закрыюць некаму іншаму”.
З тым, што ў санкцыях нічога не зменіцца і яны застануцца на тым жа ўзроўні, згодны і кіраўнік Асацыяцыі знешняй палітыкі пры МЗС Славакіі Аляксандр Дулеба. Паводле яго слоў, у ЕС цяпер занадта іншых, найперш унутраных праблем. І Еўропа проста пакуль не гатовая да хоць нейкіх змен у адносінах з нашай краінай.
Што ж тычыцца Уладзіміра Макея, то славацкі эксперт упэўнены: ён застанецца неўязным.
Аляксандр Дулеба: “Не думаю, што ЕС будзе рабіць нейкія саступкі з пункту гледжання тых палітык (у адносінах да Беларусі), якія ўжо былі прынятыя кансенсусам. Кожны міністр можа сказаць: "А ці выканала Беларусь тыя ўмовы, якія мы паставілі наконт санкцый, наконт вынікаў выбараў?" — і ўсё! Я не думаю, што будзе пазітыўнае рашэнне наконт зняцця абмежавання для міністра знешніх спраў Беларусі”.
Не згодны са славацкім калегам эксперт Фінскага інстытута замежных спраў Аркадзь Мошас. Згодна з яго словамі, прынцыповае рашэнне аб выключэнні Макея са спісу неўязных было прынята амаль адразу, як яго прызначылі кіраўніком знешнепалітычнага ведамства.