Следчы камітэт пачаў справу за парэзаныя колы машын сям’і Міколы Статкевіча
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу, у якой пацярпелай прызнаная Марына Адамовіч, жонка апазыцыянера Мікалая Статкевіча. Справа пачатая па факце пашкоджання яе маёмасці і пранікнення на прыватную тэрыторыю.
Гаворка ідзе пра сем прабітых колаў на двух аўтамабілях у двары дома Марыны Адамовіч, дзе яна жыве разам са Статкевічам, перадае Радыё "Свабода".
Здарэнне адбылося ў ноч на 25 сакавіка. Па словах Адамовіч, а трэцяй гадзіне ночы яна пачула нейкі шум на двары пад вокнамі. "Але мы тады баяліся не за машыны, а самі ведаеце — што ўварвуцца ў дом і забяруць Мікалая. Таму не спала і адразу, як нешта грукнула, выскачыла ў двор. Было цёмна, нікога я не пабачыла, а зламыснікі, відаць, пападалі на зямлю, у гразь (хоць гэта суцяшае)", — расказвае жанчына.
Прабітыя колы Адамовіч выявіла ўвечары, калі хацела забіраць Статкевіча, якога выпусцілі з Акрэсціна.
26 сакавіка Адамовіч выклікала міліцыянтаў і напісала заяву. Па яе словах, агляд прабітых колаў і складанне папер зацягнуліся больш як на чатыры гадзіны.
Прабітыя колы, паводле Марыны Адамовіч, рамонту не падлягаюць.