Следчыя мяркуюць, што батут у Горках, які перакуліўся, быў незамацаваны
А гэта парушала тэхніку бяспекі. Падчас здарэння пацярпелі 9 дзяцей.
Следчы камітэт агучыў папярэднія вынікі праверкі па здарэнню ў Горках, дзе на надзіманым батуце перакуліліся 9 дзяцей. Ва упраўленні Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці мяркуюць, што батут, які належыць індывідуальнаму прадпрымальніку, не быў замацаваны падчас эксплуатацыі. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла яго прадстаўніца Аксана Салянюк:
"Прызначаная экспертыза. Мы мяркуем, што батут быў замацаваны неналежным чынам ці не быў замацаваны наогул".
Нагадаем, надзіманы батут у Горках перакуліўся каля 17-й гадзіны 4 траўня. Ён знаходзіўся на дзіцячай пляцоўцы ў двары аднаго з жылых дамоў па вуліцы Вакзальная. У момант, калі батут перакуліўся, на ім знаходзілася 7 дзяцей ва ўзросце ад 2,5 да 10 гадоў, яшчэ двое стаялі побач. Усіх іх шпіталізавалі з траўмамі рознай ступені цяжкасці. На сённяшні дзень у Горацкай раённай лякарні заставаліся шэсць дзяцей, але траіх з іх збіраюцца выпісаць у аўторак.
Па словах відавочцаў, батут перакуліўся ад моцнага парыву ветру.
Фота: МНС