Следчыя ў Гродне высвятляюць абставіны гібелі пацыента лякарні
Гродзенскі міжраённы аддзел Следчага камітэта праводзіць праверку з нагоды смерці 41-гадовага мужчыны. Яго цела знайшлі ўвечары 20 траўня пад вокнамі гарадской клінікі хуткай меддапамогі.
Падчас агляду месца здарэння следчыя не выявілі цялесныя пашкоджанні, якія б сведчылі аб крымінальнай прычыне смерці мужчыны. Пра гэта у каментары БелаПАН заявіў афіцыйны прадстаўнік упраўлення СК па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч. Следчыя паведамляюць, што мужчына быў пацыентам лякарні, паступіў туды на лячэнне 20 траўня ў траўматалагічнае аддзяленне. Яго палата размяшчалася на восьмым паверсе.
Па словах сведкі трагедыі, якія перадае s13.ru, 41-гадовы мужчына кубкам разбіў акно і ў 21.15 выскачыў наніз. За гадзіну да трагедыі яго жонка прасіла, каб лекары далі мужчыну лекі для супакаення.
Следчыя прызначылі судова-медыцынскую экспертызу, апыталі іншых пацыентаў лякарні, медперсанал, сваякоў і знаёмых. Акрамя таго, яны вывучылі канфіскаваную медыцынскую дакументацыю.
Асноўны версіяй следства з'яўляецца самагубства: мужчына выскачыў з акна палаты па сваёй волі.
Праверка працягваецца.