Служба занятасці: Збор макулатуры не абавязак, а магчымасць падзарабіць
У Рагачове беспрацоўным прапануюць здаваць макулатуру, а каштуе адзін кілаграм 900 рублёў.
У сацыяльных сетках з’явілася інфармацыя, нібыта ў Рагачове на біржы працы беспрацоўным увялі ў абавязак здаваць макулатуру. У самой службе занятасці Еўрарадыё паведамілі, што здача макулатуры гэта не абавязак, а прапанова падзарабіць.
“Гэта дадатковы заробак для грамадзян, якія самі хочуць падзарабіць. Ніхто іх не прымушае, а проста прапануюць. Гэта па жаданні. У нас таксама ёсць норма адпрацоўкі. У красавіку гэта два дні. Калі да канца месяца беспрацоўны не адпрацуе іх, то у траўні будзе прыпынена выплата дапамогі”.
Каштуе адзін кілаграм макулатуры 900 рублёў, а сярэдняя дапамога за месяц, якую атрымліваюць беспрацоўныя, складае ад 180 да 360 тысяч рублёў.
Як адзначаюць у цэнтры занятасці, пасля увядзення ўказа пра дармаедаў колькасць жадаючых стаць на улік на біржы працы павялічылася ў 1,5 раза.