Смалявіцкія ўлады назвалі фэйкамі скаргі на пабітую дарогу на месцы буйнога ДТЗ
На месцы смяротнай аварыі каля Смалявічаў / sudexpert.gov.by
Старшыня Смалявіцкага райвыканкама Андрэй Ратомскі назваў чуткамі звесткі пра кепскі стан асфальту на дарозе на ўчастку, дзе днямі адбылася смяротная аварыя.
"У сувязі з аварыяй у раёне, на жаль, узнікаюць розныя чуткі, ўкідваюцца фэйкі, якія і напальваюць абстаноўку", — цытуе газета "Край Смалявіцкі" яго словы.
Чыноўнік заявіў, што стан дарогі на месцы аварыі незаслужана абгаворваюць: "Маўляў, кіроўцы аб'язджалі ямы, але нават першыя кадры, апублікаваныя з месца трагедыі, паказваюць, што на гэтым участку дарога знаходзіцца ў здавальняючым стане".
Аднак Ратомскі прызнаў, што "да іншых адрэзкаў гэтай дарогі ёсць шмат пытанняў, якімі займаюцца спецыялісты". Кепскі стан дарог, па яго словах, звязаны з тым, што "ўмовы надвор'я сёлета былі бязлітасныя да дарожнага пакрыцця".
Ён дадаў, што ацэнку здарэнню дасць Следчы камітэт, які раследуе крымінальную справу.
Як распавядала Еўрарадыё, 20 лютага ў Смалявіцкім раёне гружаны пяском МАЗ сутыкнуўся ў лоб з маршруткай. У ДТЗ загінулі 11 чалавек, дзевяць былі шпіталізаваныя. Кіроўцу МАЗа затрымалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.