СМІ: КДБ правёў масавыя затрыманні чыноўнікаў Мінздароўя

СМІ: КДБ правёў масавыя затрыманні чыноўнікаў Мінздароўя

КДБ правёў антыкарупцыйную аперацыю ў Міністэрстве аховы здароўя. У яе рамках затрыманыя больш за дзесяць чалавек, піша "Ежедневник". У поле зроку КДБ, як паведамляецца, трапіў нават набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі генерал, які забяспечваў "дах" карумпаваным чыноўнікам.

Прыкладна тыдзень таму КДБ затрымаў дырэктара РУП "Цэнтр экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя" (ЦЭВЗ) Мінздароўя Аляксандра Сталярова. З яго затрымання пачалася буйная аперацыя супраць чыноўнікаў, якія займаліся пастаўкамі ў медустановы абсталявання не толькі па завышаных коштах, але і па ашуканскіх схемах. Абсталяванне пастаўлялася або без сертыфікатаў, або па сертыфікатах, выдадзеных у ЦЭВЗ па карупцыйных схемах. 

Паводле інфармацыі "Ежедневника", мінулы тыдзень у КДБ ішлі допыты чыноўнікаў, датычных да тэндараў па закупцы медабсталявання. Паводле папярэдніх звестак, затрыманыя не менш за 10 чалавек.

Найбольшая колькасць затрыманых — з УП "Белмедтэхніка". Праз гэтую структуру праходзіць асноўная маса ўсіх тэндараў па закупцы медабсталявання. Там, як паведамляе СМІ, затрымалі пяць чалавек: двух кіраўнікоў і трох начальнікаў аддзелаў. У ліку затрыманых — чалавек, якога ў "Белмедтэхніка" называлі "шэрым кардыналам", бо менавіта праз яго вырашаліся ўсе пытанні па закупцы абсталявання.

У РУП "Цэнтр экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя" затрыманы начальнік упраўлення.

Таксама КДБ зацікавіўся камерцыйнай структурай Міністэрства аховы здароўя, якая лічыцца вытворцам медабсталявання і актыўна ўдзельнічала ў пастаўках у беларускія медустановы. Як паведамляецца, многае абсталяванне насамрэч фірма не вырабляла, а купляла ў замежных, часам не сертыфікаваных вытворцаў і выдавала за беларускае. Ёсць звесткі, што ўзначальвае гэтую кампанію родны брат вельмі ўплывовага сілавіка генеральскага чыну, які карыстаўся даверам Аляксандра Лукашэнкі і не раз атрымліваў з яго рук ўрадавыя ўзнагароды. Нібыта, менавіта ён забяспечваў "дах" карупцыянерам і не раз перашкаджаў пачаць расследаванне па фактах карупцыі. 

Наверсе гэтай карупцыйнай піраміды, як паведамляецца, стаяў адзін з намеснікаў міністра аховы здароўя. Яго партнёрамі ў "бізнэсе" былі два былыя супрацоўнікі спецслужбаў.

Сярод затрыманых нібыта ёсць прадстаўнікі трох найбуйнейшых сусветных карпарацый.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі