СМІ: У распрацоўцы ФСБ былі віцэ-прэм'ер Дварковіч і памочнік Пуціна Белавусаў
Становяцца вядомыя новыя падрабязнасці гучнага карупцыйнага скандалу ў Расіі, звязанага з затрыманнем за хабар у памеры 2 мільёнаў долараў міністра эканамічнага развіцця (з учорашняга дня — экс-міністра) Аляксея Улюкаева. Расійскае выданне "Ведомости" піша са спасылкай на неназванага высокапастаўленага супрацоўніка аднаго з сілавых ведамстваў, што ў аператыўнай распрацоўцы ФСБ, акрамя Улюкаева, знаходзіліся такія вядомыя асобы, як віцэ-прэм'ер Аркадзь Дварковіч, памочнік расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна Андрэй Белавусаў, памочніца віцэ-прэм'ера Ігара Шувалава Марына Раманава, дырэктар дэпартамента карпаратыўнага ўпраўлення Мінэканомразвіцця Аксана Тарасенка. Аднак пра яе вынікі не паведамляецца.
Цікава, што распрацоўка згаданых асобаў праводзілася пад кіраўніцтвам начальніка службы бяспекі "Раснафты" Алега Феактыстава, які раней займаў пасаду намесніка начальніка ўпраўлення ўласнай бяспекі ФСБ. Ён яшчэ працаваў у Федэральнай службе бяспекі, калі кіраўнік "Раснафты" Ігар Сечын папрасіў яго заняцца распрацоўкай Аляксея Улюкаева. Апошні, адзначае выданне, меў моцную падтрымку прэм'ер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева.
Следства сцвярджае, што Улюкаеў вымагаў хабар у кіраўніцтва "Раснафты", аднак падчас атрымання грошай быў затрыманы. Учора стала вядома, што яго змясцілі пад хатні арышт.