СМІ: Выведка ЗША праслухоўвала штаб-кватэру ААН
Такое сачэнне парушае дамову Вашынгтона з Арганізацыяй аб'яднаных нацый.
Амерыканскае Агенцтва нацыянальнай бяспекі, сумна вядомае дзякуючы выкрыццям экс-супрацоўніка ЦРУ Эдварда Сноўдена, ажыццяўляла назіранне за штаб-кватэрай ААН у Нью-Ёрку. Пра гэта са спасылкай на дакументы, скапіяваныя Сноудэнам, паведамляе нямецкі часопіс Spiegel.
У прыватнасці, улетку 2012 года спецслужба змагла ўзламаць абарону і атрымала магчымасць адсочваць відэаканферэнцыі ААН. Як адзначае выданне, такое сачэнне парушае дамову Вашынгтона з Арганізацыяй аб'яднаных нацый, якая забараняе падобныя ўтоеныя маніпуляцыі.
Як вынікае з унутраных дакументаў АНБ, якія скапіяваў Сноўден, спецслужба таксама сачыла за місіяй ЕС пры ААН.
Апроч гэтага, АНБ пры дапамозе адмысловай праграмы, якая мела ўнутраную назву Special Collection Service, збірала інфармацыю праз больш за 80 пасольстваў і консульстваў ЗША ў розных краінах. У прыватнасці, такія пасты праслухоўвання знаходзіліся ў Франкфурце-на-Майне і ў Вене. Краіны знаходжання, як правіла, не ведалі пра гэтыя задачы дыпмісій, адзначае "РИА "Новости".