Смяротнае пакаранне падтрымліваюць столькі ж беларусаў, колькі і брытанцаў

10 кастрычніка адзначаецца Міжнародны дзень супраць смяротнага пакарання. Беларусь з’яўляецца “чорнай” плямай на еўрапейскай мапе — адзінай краінай, дзе выкарыстоўваецца вышэйшая мера. Але аказваецца, што ў іншых еўрапейскіх краінах таксама хапае жадаючых яе вярнуць.

Напрыклад, згодна з апытаннямі, 63,4% брытанцаў падтрымліваюць смяротнае пакаранне для асуджаных тэрарыстаў, 26,3% — не падтрымліваюць, і яшчэ 10,3% не ведаюць, што сказаць.

У той жа час у ЗША існуе смяротнае пакаранне. Кент Шайдэгер з Прававога фонду крымінальнага правасуддзя (ЗША) праводзіць паралель са сваёй краінай:

“Гэта не народ Вялікабрытаніі (як і Канады) адмяніў смяротнае пакаранне, а ўрад. Амаль дзве траціны людзей выказваюцца станоўча — гэта ў два разы больш, чым тых, хто не падтрымлівае. І гэтыя лічбы супастаўныя з ЗША”.

У Францыі смяротнае пакаранне было адменена яшчэ ў 1981 годзе — тады за такое рашэнне прагаласавала 52% грамадзян гэтай краіны. Больш актуальная статыстыка, за 2006 год, паказала, што не супраць вярнуць смяротнае пакаранне 40% французаў.

Увогуле ў некаторых краінах вяртанне смяротнага пакарання нават не абмяркоўваецца. Напрыклад, у Нарвегіі нават у сацсетках ніхто не публікаваў такіх прапаноў пасля гучных тэрактаў, здзейсненых Андэрсам Брэйвікам.

“Нарвежскае грамадства дасягнула такога ўзроўню развіцця, што лічыць нават думку аб тым, каб пазбавіць злачынца жыцця, нягоднай сучаснага чалавека. Яны (нарвежцы. — заўв. Еўрарадыё) лічаць, што такое можа быць толькі ў адсталых Афганістане ці Іраку”, — заўважае ў сваім артыкуле журналістка ўкраінскага выдання “Сегодня”.

Дарэчы, ва Украіне два гады таму за вяртанне смяротнага пакарання выказаліся 45% грамадзян — крыху больш, чым у Францыі. Негатыўна да такой ідэі паставіліся 43% жыхароў Украіны.

Паводле дадзеных “Левада-центр”, у Расіі на дадзены момант вярнуць смяротнае пакаранне ў тым аб’ёме, у якім яно было да ўвядзення мараторыя ў 1996 годзе, згодныя 38%. А яшчэ 16% і ўвогуле выступаюць за пашырэнне яе прымянення — разам атрымоўваецца больш за палову расіян. Але ёсць і добрая навіна, як адзначае газета “Известия”:

“Колькасць прыхільнікаў смяротнага пакарання ў Расіі паступова скарачаецца. Пры гэтым найбольш крыважэрна настроены жыхары Масквы, найменш — Паўночнага Каўказа”.

Калі гаварыць пра суседзяў, то варта ўзгадаць і Літву. Пасля нядаўняга гвалту і забойства 17-гадовай дзяўчыны тут таксама пачаліся сур’ёзныя гаворкі аб смяротным пакаранні. Згодна з даследаваннямі, вярнуць яго хацела б палова літоўцаў.

Але самыя цікавыя і нечаканыя вынікі апытанняў — у Беларусі. Пакуль па ўсім свеце нашу краіну заклікаюць адмяніць смяротнае пакаранне, 10% беларусаў лічаць, што яно і так ужо адменена, 7% мяркуюць, што яно не выконваецца, 5,5% кажуць пра дзеючы мараторый, а 10,5% увогуле не ведаюць, што сказаць. Цалкам падтрымліваюць смяротную кару 36,5% беларусаў, яшчэ 27,3% падтрымліваюць пры пэўных умовах — разам гэта 63,8%, амаль як у Вялікабрытаніі. Ну, а катэгарычна супраць такога віду пакарання — 31% беларусаў.

Фота: dw.de

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі