Снежань будзе “безыльгоцень”, а студзень – “ЧУПень”

Еўрарадыё паглядзела на сёлетняе зімовае надвор’е, якое выдалася цяплейшым за звычайнае. І прапанавала беларускім літаратарам прыдумаць новыя назвы месяцам, якія перасталі адпавядаць надвор’ю. Мікалай Чаргінец прыдумаў месяц яднання народаў Еўропы, Адам Глобус – месяцы Адама і Евы, а Віктар Шалкевіч прапанаваў усё называць летам. Студзень 2008 году выдаўся зусім несцюдзёным. Як сказалі Еўрарадыё ў Гідраметэацэнтры Беларусі, такім месяц выдаецца раз на 7 гадоў. Снежань быў таксама даволі цёплым. Па словах начальніка службы метэапрагнозаў Дзмітрыя Рабава, апошні зімовы месяц, які быў названы лютым праз ягоную лютасць, халоднасць і завірухі, будзе лагодным і амаль вясновым.

Рабаў: Першую палову месяца будзе пераважна цёплае надвор’е. Ападкі чакаюцца ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Часамі слабы галалёд і на дарогах галаледзіца. Тэмпература ўначы ад -3 да +3, а днём – каля 0. У асобныя дні пераважна па Брэсцкай і Гомельскай абласцях будзе павышацца да +4… +5 градусаў.
У другой палове месяца надвор’е будзе чаргавацца – то цёплае, то халоднае.
Днём ад 0 да +5.

Такім чынам, беларусы на ўласнай скуры адчуюць глабальнае пацяпленне, якое назіраецца ва ўсім свеце.

У сувязі з гэтым Еўрарадыё прапанавала беларускім літаратарам даць зімовым месяцам больш актуальныя назвы, якія б адпавядалі сённяшняму надвор’ю.

Паэт Леанід Дранько-Майсюк сказаў, што назвы мяняць не варта, але добра было б дадаць адпаведныя прыметнікі.

Дранько-Майсюк: Снежань сапраўды выдаўся нехалодным і яго можна было б назваць снежань закаханы. Студзень – студзень лагодны, а люты – пяшчотны. А сакавік, напрыклад, спрыяе самотным дзяўчынам і жанчынам, якія чакаюць сустрэчаў са сваімі каханымі пад таршэрным святлом. І таму сакавік таршэрны.

Пісьменнік Адам Глобус сказаў, што пераймяноўваць месяцы – справа рымскага імператара, аднак сціпла прапанаваў назваць студзень – Адамам, а люты – Евай. І нават прадумаў прынцып далейшага чаргавання месяцаў.

Глобус: Каб у назвах месяцаў спярша ішло мужчынскае і жаночае. Па-роўнаму.

Ён нават прапанаваў на гэтую тэму правесці рэферэндум.

Вынаходліва і паэтычна да задумы Еўрарадыё паставіўся парламентарый і кіраўнік афіцыйнага Саюзу пісьменнікаў Мікалай Чаргінец, які прапанаваў называць летнія месяцы адпачынку “месяцамі душэўнай красы”. Аднак на гэтым не спыніўся.

Чаргінец: А які-небудзь месяц назваў бы месяцам яднання народаў Еўропы, з улікам таго, што надвор’е і ў Еўропе, і ў Беларусі аднолькавае.

Хаця прызнаўся, што такія назвы месяцаў, як сакавік і красавік, яму вельмі падабаюцца.

У маладога беларускага літаратара Дзмітрыя Дзмітрыева свае варыянты, больш звязаныя з надзённым.

Дзмітрыеў: Снежань можна было б назваць “безыльгоцень”, а студзень – “чупень”, бо прадпрымальнікі былі змушаныя перайсці ў ЧУПы. Час пакажа, якую назву можна было б прыдумаць для лютага…

Беларускія пісьменнікі Валярына Кустава і Зміцер Вішнёў, відаць, сумуюць па леце, таму прапанавалі памяняць назвы зімовых месяцаў на летнія.

Вішнёў: Мы якраз сёння абмяркоўвалі з сябрам гэтае надвор’е. Полюс змясціўся ўжо на кіламетраў 200. Будоўля ў бліжэйшым часе атамнай станцыі будзе награваць зямлю. Неўзабаве Англія знікне пад ваду. І міграцыя будзе рухацца не ў Еўропу, як зараз, а наадварот у бок Беларусі.

Бард Віктар Шалкевіч параіў увесь год падзяліць на лета і зіму. Маўляў, усё лета

Шалкевіч:
Як у анекдоце “Вось такое х…е лета. А калі выпадзе снег, то адразу зіма. Каб не было ні восені, ні вясны. А як у старажытных летапісах. У лета 2008-ага, у лета 2009-ага…

Аднак, як высвятліла Еўрарадыё, стараліся літаратары дарэмна, бо, як паведамілі ў Рэспубліканскім гідраметэацэнтры, нягледзячы на глабальнае пацяпленне зіма 2008-2009 будзе халоднай, як і раней.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі