Сноўдэн просіць прытулку ў Расіі, Пуцін назваў яму ўмову
Прадстаўнікі консульскага пункта аэрапорта "Шарамецьева" атрымалі зварот экс-супрацоўніка ЦРУ яшчэ ў нядзелю.
Эдвард Сноўдэн просіць прадаставіць яму палітычны прытулак у Расіі. Пра гэта паведамляе РІА "Новости" са спасылкай на дзяжурнага дыпламата консульскага пункта. Яшчэ раней пра гэта паведамілі заходнія СМІ, аднак расійскія афіцыйныя асобы гэта абвяргалі.
У панядзелак у справе Сноўдэна двойчы выказаўся расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін. Спачатку ён заявіў, што амерыканец не з'яўляецца расійскім агентам і спецслужбы Расіі з ім ніколі не працавалі. Пасля Пуцін агучыў умову, пры выкананні якой Эдвард Сноўдэн мог бы застацца ў Расіі: ён мусіць перастаць "наносіць страты амерыканскім партнёрам".
Эдвард Сноўдэн апублікаваў дэталі сакрэтных праграм спецслужбаў ЗША па сачэнні за амерыканскімі і замежнымі грамадзянамі. Ён збег у Ганконг, а затым у Маскву, дзе знаходзіцца ўжо каля тыдня, як мяркуецца, у транзітнай зоне аэрапорта "Шарамецьева". Улады ЗША заявілі, што маюць намер патрабаваць выдачы Сноўдэна, які абвінавачваецца ў разгалошванні сакрэтных дадзеных амерыканскіх спецслужбаў, у любой краіны, дзе ён апынецца. Расійскі бок заяўляў, што Сноўдэн не перасякаў расійскую мяжу, прыбыў як транзітны пасажыр і што паміж Расіяй і ЗША няма дамовы аб выдачы.
Фота — ria.ru, Reuters