Спартоўку, якая сышла з п'едэстала з-за чужога гімна, узнагародзіў Лукашэнка
8 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб прысуджэнні спецыяльнай прэміі "Беларускі спартовы Алімп" 2017 года, інфармуе прэс-служба кіраўніка краіны.
Прэмію атрымалі галоўны трэнер нацыянальнай каманды па скачках на батуце Вольга Уласава і тэлекаментатар Уладзімір Навіцкі.
Дыплом лаўрэата прэміі за паспяховы выступ на міжнародных спаборніцтвах, актыўную грамадзянскую пазіцыю, паважлівае стаўленне да дзяржаўных сімвалаў таксама атрымае ўдзельніца нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы, майстар спорту Віялета Скварцова.
Віялета Скварцова набыла вялікую папулярнасць у ліпені 2017 года, калі выйграла спаборніцтвы на чэмпіянаце Еўропы. Дзяўчына пакінула п'едэстал гонару на знак пратэсту, калі замест гімна Беларусі прагучаў гімн іншай краіны. Відэаролік на YouTube з учынкам спартоўкі набраў больш за восем мільёнаў праглядаў.