Спікер польскага сенату абмяркуе з беларускімі ўладамі сітуацыю з Саюзам палякаў
Старшыня польскага сенату Станіслаў Карчэўскі на чале дэлегацыі наведае 5-6 снежня Беларусь па запрашэнні кіраўніка Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіла Мясніковіча, паведаміла БелаПАН 3 снежня амбасада Польшчы.
У склад дэлегацыі ўваходзяць сенатары Яніна Сагатоўска, Станіслаў Гогач, Анджэй Місёлек, Лешак Пяхота і дэпутат Адам Андрушкевіч — сустаршыня Польска-беларускай парламенцкай групы.
Станіслаў Карчэўскі сустрэнецца ў Мінску з Аляксандрам Лукашэнкам, Міхаілам Мясніковічам, а таксама са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам.
Спікер сената Польшчы абмяркуе з беларускімі ўладамі парламенцкае, рэгіянальнае супрацоўніцтва, пытанні малога памежнага руху, эканамічнае супрацоўніцтва і развіццё ўзаемадзеяння ў галіне адукацыі. Ён закране таксама тэму палякаў, якія пражываюць у краіне, і абмяркуе магчымасць завяршэння спрэчак вакол Саюза палякаў у Беларусі, адзначаюць у амбасадзе.
Як адзначаюць у дыппрадстаўніцтве, візіт дэлегацыі сената супадае па часе з ратыфікацыяй беларускім парламентам дамовы паміж урадамі Беларусі і Польшчы ў галіне адукацыі.
Плануецца падпісанне сумеснай заявы аб супрацоўніцтве паміж сенатам Польшчы і Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.
Паводле інфармацыі пасольства, у рамках візіту пройдзе сустрэча з палякамі, якія жывуць у Беларусі, а таксама з прадстаўнікамі апазіцыі. Акрамя таго, на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага універсітэта польская дэлегацыя сустрэнецца са студэнтамі і выкладчыкамі.
Польскія сенатары наведаюць РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. Дэлегацыя ўшануе памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, брацкія магілы якіх знаходзяцца ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам.