Спікер Сейма Літвы патлумачыла паслабленні для беларусаў у законе пра санкцыі
Вікторыя Чміліце-Нільсэн / radior.lt
Закон аб абмежаваннях для беларусаў і расіян выклікаў "шмат дыскусій" у літоўскім сейме. Выніковая рэдакцыя дакумента, дзе ўводзіліся паслабленні для беларусаў, стала "вынікам кампрамісаў". Пра гэта заявіла спікер літоўскага Сейма Вікторыя Чміліце-Нільсэн, перадае тг-канал "Позірк" са спасылкай на літоўскім СМІ.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа наклаў на закон вета. На яго думку, дакумент нераўнапраўна падыходзіць да грамадзян Беларусі і Расіі, хаця абедзве дзяржавы з'яўляюцца агрэсарамі. У адказ міністр замежных спраў Габрыэлюс Ландсбергіс заявіў, што беларусы "валодаюць духоўным суверэнітэтам" і іх нельга ацэньваць нароўні з расіянамі.
Літоўскія дэпутаты, па словах Чміліце-Нільсэн, разрозніваюць Расію, якая актыўна вядзе вайну, і рэжым у Мінску, які "не прымушае беларускі народ да актыўнага ўдзелу ў баявых дзеяннях".
"Таму казаць пра нейкае парушэнне раўнапраўя не вельмі карэктна", — мяркуе палітык. Яна падкрэслівае, што сярод насельніцтва РФ падтрымка вайны высокая, а ў Беларусі сітуацыя зусім іншая.
Улады Літвы, на думку спікера Сейма, мусяць зрабіць усё магчымае, "патрабуючы санкцый супраць Лукашэнкі і яго рэжыму". Пры гэтым Літва павінна максімальна падтрымаць беларускі народ у складанай сітуацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.